Палітзняволеныя Судаленка і Ялцэвіч выйшлі на волю
Два палітвязні выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. З віцебскай калоніі № 3 21 ліпеня вызваліўся праваабаронца „Вясны” з Гомеля Леанід Судаленка.

За кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі 2,5 гады. Таксам на волі Вольга Ялцэвіч. Суд Маскоўскага раёна Берасця ў ліпені мінулага года асудзіў жыхарку Докшыцаў да 2 гадоў калоніі за нібыта „фінансаванне пратэстнай дзейнасці”. Вольга аплачвала сумы накладзеных на правапарушальнікаў грашовых спагнанняў, паслугі адвакатаў, дзяржпошліны за падачу скаргаў.

Вядома, што ў берасцейскім СІЗА жанчыну больш за 50 сутак утрымлівалі ў карцары. На знак пратэсту супраць парушэння яе правоў і невыносных умоваў утрымання Ялцэвіч неаднойчы аб’яўляла галадоўку. Тэрмін Вольга адбывала ў гомельскай калоніі № 4.