Пракурор запатрабавала для журналіста Дзмітрыя Семчанкі 3 гады калоніі
Пракурор запатрабавала для журналіста, колішняга кіраўніка пулу Лукашэнкі Дзмітрыя Семчанкі 3 гады калоніі, перадае БелТА.

Дзяржаўнае абвінавачванне мяркуе, што такі тэрмін зняволення паспрыяе „выпраўленню асобы, якая ўчыніла злачынства”. У Менскім гарадскім судзе працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.
На сённяшнім пасяджэнні пракурор запатрабавала для фігуранта 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Нібыта, „учыненае Семчанкам злачынства адносіцца да злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва”.
Журналіста затрымалі 15 верасня летась.
Пачалі крымінальную справу за „распальванне варажнечы”. Нагодай сталі публікацыі ў яго сацсетках, якія, на меркаванне сілавікоў, „фармавалі ў грамадскасці нянавісць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў улады”.