“Сіндром адкладзенага жыцця”
Вайна не падзяляе жыццё на будні і святы. У яе іх проста няма – толькі суцэльная бесперапынная мясарубка, якую, усміхаючыся, круціць Сатана. І чым больш фаршу, тым мацнейшы рызыка.

Але ж аб’ектыўна святы існуюць, з календара не выкрасліш суботы, не адменіш Каляды і Новы год, хоць варожым ракетам усё адно, у які дзень прыляцець і, напрыклад, разграміць херсонскі
радзільны дом. Там двое малых з’явіліся на свет да ракетнай атакі, а калі аб’явілі паветраную трывогу, медперсанал і маці з нованароджанымі паспелі спусціцца ў прытулак. Таму ўсе выжылі.
Міне некалькі гадоў, і пераднавагоднія дзеці вайны будуць чакаць гэтае свята і радавацца ёлцы, як зараз чакаюць усе ўкраінскія дзеці. Не зважаючы на вайну, на ракеты, на паветраныя трывогі і каменданцкую гадзіну.
Грамадства падзялілася: хтосьці лічыць абсурдным і злачынным тым часам уладкоўваць на гарадскіх пляцах свята, хтосьці, нягледзячы ні на што, ухваляе ўсталяваныя ёлкі і ілюмінацыі. Маўляў, дзеці і так нацярпеліся страху з-за вайны, а пазбаўляць іх радасці – гэта жорстка, гэта забівае надзею на звыклае мірнае жыццё. І вайскоўцы, якія зараз знаходзяцца на лініі фронту, падтрымліваюць ідэю ўсеагульнага святкавання Новага года.
Таму што, знаходзячыся тварам да ворага, важна ўсведамляць, што за іх спінамі радасны смех і шчаслівыя дзіцячыя вочы. За гэта і ваююць. Нельга забараніць жыць і перарываць неад’емныя працэсы жыцця, звязаныя, у тым ліку, і са святочнымі падзеямі. Для сябе ж украінскія воіны ўсталёўваюць спецыфічныя ёлкі: мінамёт, аздоблены навагодняй гірляндай, ці супрацьтанкавыя вожыкі са свечкамі сіне-жоўтага колеру. Як кажуць псіхолагі, сіндром адкладзенага жыцця – гэта заўсёды кепска, а асабліва цяпер для ўкраінцаў.
І няхай рука, якая круціць мясарубку вайны, сама ператворыцца ў фарш.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: dw.com