Стала вядома ў чым вінавацяць прыватную школу „Смарт скул”
Большасць прыватных школ была створана ў Беларусі пасля жніўня 2020-га года, многія з іх маюць дачыненне да недружалюбных Беларусі дзяржаў. Такая інфармацыя прагучала ў сюжэце „Беларусь 1”, прысвечаным прыватнай школе „Смарт скул”.

– Менавіта таму яны маюць так званыя філіялы і ў Літве, і ў Латвіі, і ў іншых дзяржавах — заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец, назваўшы недапушчальным тое, што замежныя дзяржавы ўмешваюцца ў адукацыю і выхаванне «нашага падрастаючага пакалення».
Нагадаем, прэтэнзіі да «Смарт скул» узніклі пасля таго, як вучань стрэліў з пнеўматыкі ў твар сваёй аднакласніцы.
На дырэктара школы Наталлю Базанаву распачалі крымінальную справу за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі. Следчы камітэт сцвярджае, што ў памяшканні школы малалетняй навучэнкі былі нанесены цялесныя пашкоджанні, а 54-гадовая кіраўнік і іншыя супрацоўнікі ўстановы ўсяляк спрабавалі схаваць інцыдэнт, не забяспечылі бяспеку правядзення заняткаў і кантроль за паводзінамі выхаванцаў.
22 верасня стала вядома, што затрыманы дзіцячы паэт і празаік Дзмітрый Юртаеў, які выкладаў у «Смарт скул». Мужчына нібыта пакідаў абразлівыя каментары на адрас сілавікоў, хадзіў на несанкцыянаваныя мерапрыемствы.
Саму школу абвінавацілі ў тым, што яна працавала не атрымаўшы сертыфікат гатовасці, не мела дзяржакрэдытацыі, якая дае прыватным установам права выдаваць дакументы аб адукацыі, у ёй парушаліся санітарныя нормы, не было навучальных дапаможнікаў, знішчылі дакументацыю.
Беларускае Радыё Рацыя