Яшчэ адзін салдат тэрміновай службы cкончыў самагубствам
У Свіслацкім раёне знойдзены труп вайскоўца з прыкметамі суіцыду, паведамляе прэс-служба ДПК Беларусі.

«Уначы 4 жніўня паблізу памежнай заставы «Тушэмля» знойдзена цела вайскоўца з прыкметамі суіцыду. Радавы 2002 года нараджэння быў прызваны ў красавіку 2023 года і праходзіў тэрміновую службу ў Гарадзенскай пагранічнай групе», – гаворыцца ў паведамленні.
Прычыны трагедыі высвятляюцца следча-аператыўнай групай, якая прыбыла на месца выяўлення цела.
Сёння ж стала вядома яшчэ аб адным інцыдэнце з вайскоўцам. На мінулым тыдні ў навучальным цэнтры ў Печах застрэліўся салдат тэрміновай службы.
У апошні год суіцыды ў беларускім войску пачасціліся. У красавіку стала вядома пра салдата, які застрэліўся ў Берасці, а 20 сакавіка у памяшканні памежнага кантролю «Высока-Літоўск» у вёсцы Абяроўшчына, які знаходзіцца на мяжы з Польшчай, выявілі труп вайскоўца-памежніка.