112 гадоў таму нарадзілася Ларыса Геніюш



112 гадоў таму, 9 жніўня 1910 года нарадзілася вялікая беларуская паэтка, вязень сталінскіх лагераў Ларыса Геніюш (1910-1983).

Ларыса Геніюш нарадзілася на Ваўкавышчыне ў фальварку Жлобаўцы, як яна сама пісала, на зямлі “з дзядоў і бацькоў беларусаў”.

3 лютага 1935 года яна ўзяла шлюб са студэнтам медычнага факультэта Карлава ўніверсітэта (Прага) Янкам Геніюшам у Воўпенскай царкве, што на Ваўкавышчыне. Пасля шлюбу пераехала ў Зэльву, дзе хутка нарадзіўся ў маладой сям’і сын Юрка. У 1937 годзе маці з сынам перабраліся ў Прагу да мужа і бацькі, дзе ён працаваў лекарам.

У 1942 годзе ў Празе выходзіць першы зборнік паэзіі Ларысы Геніюш  “Ад родных ніў”. Там паэтка актыўна займалася літаратурнай і грамадскай дзейнасцю, уваходзіла ў Беларускі камітэт самапомачы, працавала сакратаром Беларускай Народнай Рэспублікі.

5 сакавіка 1948 года Ларысу Геніюш разам з мужам Янкам арыштавалі ў г. Вімпэрк, пазбавілі чэхаславацкага грамадзянства, выдалі савецкім спецлужбам і пад канвоем даставілі ў Менск, дзе паэтку асабіста дапытваў тагачасны міністр МГБ БССР Цанава, патрабуючы аддаць архіў БНР.

7 лютага 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу і Янку Геніюшаў да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне яны адбывалі далёка на Поўначы былога СССР. У Зэльву вярнуліся ў 1956 годзе, бо былі вызвалены, як несавецкія грамадзяне. У Зэльве жылі да самай смерці на Савецкай вуліцы, 7а.

Усю сваю творчасць і жыццё Ларыса Геніюш прысвяціла Беларусі, яе народу, роднай мове, традыцыям  і гісторыі:

На вуснах песня, мой апошні дых,

Цяплом з-пад сэрца словы саграваю,

Жывая я яшчэ сярод жывых,

Ў душы маёй і Беларусь жывая!

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ruslo.cz