130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Гайлевіча

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, прыхільнік беларусізацыі Каталіцкага касцёла, дзеяч беларускага руху ў Латвіі Язэп Гайлевіч нарадзіўся 26 лютага 1893 года ў вёсцы Дразды Друйскай воласці (Дзісенскі павет, цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласці). Паходзіў з вялікай хрысціянскай сям’і Казіміра Гайлевіча. Вучыўся ў Мёрах. На службу ўсёй сям’ёй хадзілі ў мясцовы касцёл у Ідолце (цяпер аграгарадок у Мёрскім раёне), на фэсты ездзілі ў Друю. Пад уплывам знаёмых святароў Гайлевіч вырашыў паступіць у духоўную семінарыю. У 1913 годзе паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю, якая размяшчалася ў Пецярбургу. З-за падзей 1917-18 гадоў у Расеі быў змушаны перапыніць вучобу. Заняткі прадоўжыў у Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі. 29 лютага 1920 года ў Менску ён быў пасвечаны ў сан святара і прызначаны на працу ў Латвію ў Прыдруйск (Педрую), дзе актыўна падключыўся да беларускага руху, у 1920-21 гадах быў там вікарыем. У 1921-34 гадах быў адміністратарам у Бальбінаве Дзісенскага павету.
Язэп Гайлевіч выкладаў рэлігію ў беларускіх школах і гімназіі. Набажэнствы ў касцёле праводзіў на беларускай мове, але гэта не ўсім падабалася, таму ў 1935 годзе яго перавялі ў касцёл за Рэжыцу (Рэзэкне), дзе не было беларусаў. Многія людзі атрымалі асвету за яго грошы. У час другой сусветнай вайны ксёндз Гайлевіч выкладаў рэлігію на беларускіх курсах у Рызе разам з Сяргеем Сахаравым. У 1935-43 гадах служыў вікарыем у касцёле Дзевы Марыі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс), адначасна выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах. Браў удзел у культурным і грамадскім жыцці беларусаў Латвіі. Выступаў з казаннямі на беларускай мове. Пераследаваўся латышскімі і савецкімі ўладамі. Абвінавачваўся ў планах далучыць Латгалію да Польшчы.
У час другой сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, служыў у адноўленым вернікамі касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў мястэчку Росіца (цяпер Верхнядзвінскі раён). З 1943 года зноў у Бальбінаве, там жа ў Індры (Краслаўскі павет, Латвія) працаваў і пасля вайны. У 1949 годзе савецкія ўлады звярнулі на яго пільную «увагу»: беларускі святар быў засуджаны да 10 гадоў зняволення за нібыта антысавецкую агітацыю і дзейнасць. Арыштаваць яго у касцёле ўлады пабаяліся і пайшлі на подлую хітрасць: да святара быў прысланы чалавек з запрашэннем наведаць цяжка хворага, але замест хворага чалавека ксяндза чакалі чэкісты. Да вечара Гайлевіча пратрымалі ў невялікай капліцы і толькі ноччу вывезлі на чыгуначную станцыю Індра. Засуджаны 8 красавіка 1950 года, этапаваны 4 чэрвеня ў Мінеральны лагер МГБ Комі АССР каля пасёлку Абізь. 5 студзеня 1956 года пераведзены ў Дубраўны лагер Мардоўскай АССР.
Ксёндз Язэп Гайлевіч адбыў у савецкім канцлагеры 7 гадоў. Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе падпаў пад амністыю, але вярнуўся ў Латгалію толькі ў 1956 годзе. Працаваць у Індры забаранілі. Давялося некалькі гадоў весці службы ў Рунданах (Рундак), недалёка ад эстонскай мяжы. Потым вярнуўся зноў у Індру. У 1970 годзе адзначыў пяцьдзясят гадоў святарства (да гэтага юбілею была выпушчана адмысловая фотапаштоўка).
Памёр ксёндз Язэп Гайлевіч 18 кастрычніка 1971 года ў Бальбінаве. На пахаванні, па словах вернікаў, прысутнічала каля 70 святароў з Латвіі, Беларусі і Літвы. Пахавалі Язэпа Гайлевіча ў Бальбінаве (Індры).