190 гадоў з дня нараджэння Віктара Каліноўскага

Гісторык, археограф, адзін з ідэолагаў паўстання 1863 года Віктар Атан Каліноўскі, старэйшы брат Кастуся Каліноўскага, нарадзіўся 21 красавіка 1833 года ў фальварку Мастаўляны, што на мяжы Падляшша і Гарадзенскай вобласці.

Бацька Сымон Каліноўскі пераехаў з Мастаўлянаў у Якушоўку (цяпер Свіслацкі раён), дзе на грошы другой жонкі Ізабэлы Лазарэвіч набыў сабе фальварак і заснаваў невялікую фабрыку па вырабе абрусаў і сурвэтак. У сям’і было ажно 17 дзяцей.
Сярэднюю адукацыю Віктар Каліноўскі атрымаў у Свіслацкай і Гарадзенскай гімназіях. У 1852 годзе паступіў на медычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэту. З 1856 года быў у Пецярбургскім універсітэце. Сюды ж на вучобу за ім прыехаў і брат Канстанцін. На даручэнне Віленскай археалагічнай камісіі Віктар Каліноўскі працаваў у Імператарскай публічнай бібліятэцы, адшукваў старадаўнія рукапісы па гісторыі Літвы і Беларусі. Малады чалавек меў дапытлівы розум і з гістарычных дакументаў адкрываў для сябе сапраўдную гісторыю сваёй Айчыны.
У 1858-1862 гадах Віктар Каліноўскі – адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якую складалі выхадцы зь Беларусі, Летувы, Польшчы, Украіны ў Пецярбургу. Распаўсюджваў сярод сябраў арганізацыі гістарычную літаратуру, займаўся вярбоўкай новых сябраў, наладжваў сувязі з падпольнымі арганізацыямі Кіева і Масквы.
3 1857 года падтрымліваў навуковыя сувязі з бібліятэкай Асалінскіх у Львове, з яе супрацоўнікам, а пасля дырэктарам А. Бялеўскім, дапамагаў яму ў выданні спадчыны гетмана Станіслава Жалкеўскага, навуковай працы «Monumenta Poloniae Historica». У час працы ў Публічнай бібліятэцы складаў генеалагічныя даведкі для прыватных асобаў, даследаваў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, антыпрыгонніцкіх сялянскіх рухаў на Беларусі і Ўкраіне. Падрыхтаваў да друку на расейскай мове манаграфію «Уманскі гвалт» пра паўстаньне 1768 года ўкраінскіх сялянаў у месце Умань (цяпер Чаркаская вобласць), з невядомых прычынаў праца ня ўбачыла сьвет. Складальнік «Каталогу калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859 г.), дзе апісаў першакрыніцы і ў каментарах выказаў свае погляды па пытаннях беларускай і польскай гісторыі. Сабраў унікальную бібліятэку, якая налічвала больш за 5000 рукапісаў і кніг, прысвечаных галоўным чынам гісторыі ВКЛ. Супрацаваў са штодзённай польскамоўнай газэтай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 г. у Пецярбургу Ясафат Агрызка.
Увосень 1862 г. Віктар Каліноўскі захварэў на сухоты, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка, дзе і памёр 25 кастрычніка. Яму было толькі 29 гадоў.

На пачатку 1865 г. была сфармавана асаблівая камісія, якая павінна была ўдакладніць месца пахавання Віктара Каліноўскага, запэўніць прадстаўнікоў расейскага ўраду, што ні Канстанціна, ні Віктара ў жывых няма. Спачатку прадстаўнікі камісіі прыязджалі ў Гародню, дзе займаліся пошукам па метрычных кнігах звестак пра смерць Віктара Каліноўскага. Але нічога не знайшлі. Затым яны паехалі на Свіслаччыну. Дакументы па жыцці і дзейнасці Каліноўскага зараз у архіве Пецярбургу, Вільні, Нацыянальным архіве ў Гродне.
У 1990-ых гадах краязнавец Аляксандр Палубінскі адшукаў магілу Каліноўскага на свіслацкіх могілках, помнік на ёй быў рэстаўраваны. Гарадзенскімі і свіслацкімі грамадскімі актывістамі была закладзена традыцыя агульнабеларускага Дня памяці паўстанцаў 1863 года, фэст праходзіў рэгулярна ў Свіслачы і Якушоўцы, яго ўдзельнікі часта пераследаваліся ўладамі.