42-гі Міжнародны фестываль «Гайнаўка 2023» запрашае на ўрачыстае адкрыццё ў Беластоку
25-га траўня ў Падляшскай філармоніі у Беластоку распачнецца 42-гі Міжнародны фестываль праваслаўнай царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2023».

Перад пачаткам асноўнай конкурснай праграмы ў першы дзень адкрыецца выстава «Маэстра Пендэрэцкі і фестываль», а таксама выступіць Хор Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве. Падрабязнасці распавёў дырэктар фестывалю Мікалай Бушко:
– Далей два дні конкурсу, у якім выступяць прадстаўнікі хораў свецкіх і царкоўных у двух катэгорыях: аматарскіх і прафесійных. Гэта будуць прадстаўнікі 9 краін Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі. Як кожны год, гэта прэзентацыя мастацтва і малітоўнасці царкоўнай музыкі. Асаблівым канцэртам будзе адмысловы канцэрт царкоўнай музыкі Беларусі пад лозунгам «Магутны Божа – пеўчая душа Беларусі». Я сардэчна запрашаю ўсіх сустрэцца з беларускай царкоўнай музыкай, але перадусім кірую запрашэнне да нашых сяброў, якія жывуць цяпер у Беластоку, на Падляшшы, у Польшчы.
Інаўгурацыйны канцэрт Фестываля «Гайнаўка 2023» распачнецца сёння, 25-га траўня, а 18-30 у будынку Падляшскай філармоніі. Уваход вольны. Запрашаем усіх.


Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара і Фестываля.