Алесю Бельскаму – 60



23 ліпеня спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння беларусага пісьменніка, краязнаўца, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара Алеся Бельскага.

Алесь Бельскі родам з мястэчка Цімкавічы Капыльскага раёна. Скончыў Белдзяржуніверсітэт, дзе і працуе.

Яго даследчыцкія працы запатрабаваны чытачамі розных узростаў. З цікавасцю сустракаюць іх сёння і выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, тым больш, што яны закранаюць важныя праблемы: «Жывая мова краявідаў. Пейзаж у беларускай паэзіі», «Пакуль баліць душа», «Сучасная беларуская літаратура. Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (1980—1990-я гг.)», «Свет ад травы да зор. Беларуская паэзія. Сістэма вобразаў прыроды, паэтыка пейзажу», «Краса і смутак», «Сучасная літаратура Беларусі». А трохтомнік «Скрыжалі памяці», складзены Алесем Бельскім, — гэта ў нечым і грамадзянскі подзвіг. Ніхто не склаў такое вычарпальнае выданне, дзе настолькі грунтоўна прадстаўлена творчасць пісьменнікаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну.

Шмат зроблена і Бельскім-краязнаўцам, радзімазнаўцам. Найвышэйшае яго дасягненне ў гэтай галіне — кнігі «Тут іх карані і выток», «Тут наша радзіма», «Тут жыцця пачатак». Атрымалася свайго роду гісторыка-краязнаўчая трылогія пра вядомых у Беларусі і свеце людзей з Капыльшчыны.

Алесь Бельскі напісаў і выдаў некалькі зборнікаў прозы пад псеўданімам Алесь Ветах. Ён з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.

Шчыра віншуем Алеся Іванавіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, дабра, шчасця і новых творчых адкрыццяў і кніг.

Беларускае Радыё Рацыя