Аляксей Ластоўскі: Мы бачым стварэнне блоку прарасейскага чынавенства



Журналісты вядомых cусветных СМІ атрымалі доступ да дакумента, з якога вынікае, што Расея плануе цалкам падначаліць сабе Беларусь да 2030 году.

„Госць Рацыя” Аляксей Ластоўскі, палітолаг, сацыёлаг, супрацоўнік Інстытута палітычных даследаванняў „Палітычная сфера”. Алеся Вербаловіч гутарыць з ім пра тое, што адбываецца апошнім часам у дачыненнях Беларусі з усходнім суседам.

РР: Ці варта верыць такому дакументу. Як ставіцца да такіх фактаў?

Заўжды ёсць праблема, калі з’яўляюцца падобнага кшталту злівы, наколькі гэта сапраўдны дакумент. Афіцыйна ўдакладніць, праверыць гэта практычна немагчыма. З майго пункту гледжання, прачытаўшы, што напісана ў гэтым дакуменце, у плане дзеянняў Расеі ў дачыненні да Беларусі, то нейкага асаблівага крыміналу не бачу. Усё ўкладваецца ў нейкую схему. Ён мне падаецца больш-менш праўдзівым, бо не прапануе нейкіх фантастычных сцэнароў, таму цалкам магчыма, што гэтаму дакументу можна давяраць.

Пытанне, што гэта за дакумент, як ён мог з’явіцца. Па сваім змесце, структуры і стылі афармлення гэта больш падобна на аналітычную запіску. Гэта такі фармат дакументу, якія звычайна ствараюць аналітычныя цэнтры. Іншае пытанне, што гэта не з’яўляецца планам дзеянняў расейскага ўраду. То бок гэта яўна нейкая стратэгічная запіска, якая створана нейкімі экспертамі-дарадцамі. У тым плане, што гэта можа прымацца, як план дзеянняў урадам, адтуль могуць запазычвацца нейкія элементы. Трэба разумець, што сам дакумент мае падобны характар. Трэба ж разумець, што ўрады працуюць не такім чынам, што сядзіць Пуцін і распрацоўвае інструкцыі. Калі прымаюцца нейкія ўрадавыя рашэнні, то чыноўнікам трэба на нешта абапірацца, на нейкую інфармацыю, на нейкія сцэнары развіцця падзей. Тады звычайна выкарыстоўваюць працу нейкіх экспертных структур, якія падкідваюць гэты матэрыял, які можа быць выкарыстаны пры прыняцці рэальных палітычных рашэнняў.

РР: Ці можам мы казаць, што Расея і без такіх рашэнняў дзейнічае ў гэтым кірунку?

– Трэба мець на ўвазе, што ў дакуменце не пішацца пра акупацыю ці інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі. Там выкарыстоўваецца „Саюзная дзяржава”, то бок гэта ўжо існуючы інструмент інтэграцыі Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Мы ўжо існуем у складзе гэтай „Саюзнай дзяржавы” ужо больш двух дзясяткаў гадоў, але мы не бачым стварэння нейкіх рэальных канфедэратыўных інстытутаў, якія б казалі пра зліццё ў адзіную дзяржаву. Ступень інтэграцыі – гэта заўсёды пытанне дыскусійнае. Што аб’ядноўваць? Наколькі? Якіх структур? Безумоўна, калі казаць пра нейкія доўгатэрміновыя перспектывы, што пазначаецца ў дадзеным дакуменце, то яны кажуць пра стварэнне вышэйшай ступені інтэграванасці „Саюзнай дзяржавы”, чым гэта не толькі з’яўляецца цяпер, але і прадбачыцца ў бліжэйшай будучыні. Калі гутарка ідзе пра адзіную валюту, то гэта пытанне ставіць пад пагрозу суверэнітэт Беларусі, але наколькі я ведаю, рэальных сцэнароў па ўвядзенні адзінай валюты яшчэ не было.

Але многія рэчы, пра якія там пішацца, яны па сутнасці сапраўды ўжо рэалізуюцца. З аднаго боку мы бачым працэс пастаяннага ціску з боку Расеі ў дачыненні да Беларусі ў кірунку інтэграцыі ў расейскую прастору, асабліва эканамічную. Відавочна, што пасля 2020 года, падчас таго бурлівага перыяду, падчас палітычных пратэстаў, калі Пуцін выступіў фактычна адзінай апорай для рэжыму Лукашэнкі, то гэта прывяло да моцнага прэсінгу ў дачыненні да Беларусі ў бок прарасейскай арыентацыі. Ідзе не толькі пра дэкларацыі з боку Лукашэнкі, калі ён фактычна браў на сябе ролю нейкага адзінага інтэгратара, то бок усё, што было ў дачыненнях з Расеяй, мусіла праходзіць праз санкцыю Лукашэнкі. Але мы бачым стварэнне блоку прарасейскага чынавенства, усё большай арыентацыі на Расею, асабліва прадстаўнікоў сілавога блоку, якія фактычна ўжо падсілкоўваюцца расейскімі рэсурсамі. Іх будучыня завязана на вынік расейска-украінскай вайны.

Тое, што я лепш за ўсё ведаю, паколькі гэта мая сфера кампетэнцыі, што адбываецца ў сферы навукі, асабліва калі мова ідзе пра гісторыю, то мы бачым вельмі інтэнсіўнае ўмяшальніцтва з боку расейскіх праўладных інтэлектуалаў, якія пачынаюць актыўна прасоўваць сваю павестку на беларускай пляцоўцы. Яны пачынаюць праводзіць рэвізію беларускага нацыянальнага гістарычнага наратыву і рабіць яго арыентаваным на прарасейскі сцэнар. Раней Расея пакідала ў спакоі гэтую інтэлектуальную прастору Беларусі, паколькі там ёсць прарасейскі Лукашэнка, які кантралюе ўсё, што адбываецца ў Беларусі. У Расеі хапала іншых клопатаў, а зараз мы бачым радыкальны пераварот. Расея з 2020 года пачала вельмі актыўна працаваць у Беларусі менавіта ў плане ўплыву не толькі на эліты, але і ўплыву на свядомасць людзей, а таксама ўплыву на навуку, культуру, адукацыю і гэтак далей. Фактычна тое, што зараз адбываецца, прапісана ў гэтым сцэнары.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Як зазначае палітолаг, у Беларусі не засталося чынавенства, якое было б настроена супраць Расеі. Але альтэрнатывай для чыноўнікаў можа быць стрымана прабеларуская пазіцыя, і яна выглядае цалком легітымна. Для сітуацыі, якая склалася ў краіне, гэта не горшы варыянт.

Беларускае Радыё Рацыя