Да 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай



Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай «25-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай». Дызайн Алены Мядзведзь.

Абраз Маці Божай Будслаўскай – агульнабеларускі здабытак. Знаходзіцца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе Мядзельскага раёна Менскай вобласці. Шырока вядомы як цудатворны, шануецца з пачатку XVII стагоддзя.

2 ліпеня 1998 года адбылася каранацыя абраза. Кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на абраз папскія кароны. Гэта падзея надала касцёлу ў Будславе статус Нацыянальнага санктуарыя – сховішча святыні-апякункі краіны.

Штогод тысячы пілігрымаў збіраюцца на прыгожае духоўнае свята – Будслаўскі фэст. Урачыстасць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Спецыяльнае памятнае гашэнне канверта і маркі адбылося ў аддзяленні паштовай сувязі Будслава Менскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя