Кніга пра гісторыю адукацыі ў Лідзе



У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшла з друку новая кніга краязнаўцы з Ліды Леаніда Лаўрэша “Інстынкт пазнання”.

У ёй паслядоўна разглядаецца гісторыя адукацыі ў Лідзе з сярэдзіны XVIII стагоддзя да канца 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Вызначаныя храналагічныя рамкі даследавання супярэчаць гістарыяграфічнай традыцыі, згодна з якой гістарычны наратыў прынята дзяліць на два вялікія этапы: да рэвалюцыйных падзей 1917 года і пасля іх. У кнізе такога падзелу не існуе. Аўтар прапануе іншы падыход. Для яго мінулае існуе як адзіны неразрыўны працэс, у якім паваротным пунктам з’яўляецца 1939 год. Калі паглядзець на іншыя працы Леаніда Лаўрэша, то становіцца ясна: усё жыццё ён даследуе лідскую спадчыну менавіта пад такім вуглом гледжання. Для аўтара гэта цэльны сусвет, у які ён свайго чытача запрашае. Скарыстаем запрашэнне і адчынім дзверы ў гісторыю лідскай адукацыі. Кніга пачынаецца з агляду ролі піяраў у развіцці мясцовай адукацыі і горада ў цэлым. Леанід Лаўрэш даводзіць, што піяры ўвялі існаванне Ліды ў тагачасны еўрапейскі кантэкст, па сваёй значнасці іх уплыў на развіццё горада можна параўнаць толькі з будаўніцтвам у канцы XIX стагоддзя чыгункі, якая дала значны штуршок развіццю павятовага цэнтра.

Беларускае Радыё Рацыя