Менская культурная прастора «Вершы» аб’явіла пра закрыццё
10 месяцаў таму
13 снежня каманда беларускай культурнай прасторы і бару «Вершы» паведаміла пра закрыццё. Цягам апошніх двух тыдняў установа была закрытая «з тэхнічных прычын».
„Сябры, хочам паведаміць вам, што ўсімі любімы праект «Вершы« прыйшоў да свайго лагічнага завяршэння„, – напісана ў апошнім пасце праекту ў Instagram. У ім каманда дзякуе ўсім, хто наведваў культурную прастору і бар. Аб прычынах закрыцця каманда не паведаміла, паабяцаўшы «расказаць усе падрабязнасці пазней» і адзначыўшы, што развітальная вечарына пройдзе ўжо «недзе ў іншым месцы», якім – пакуль невядома.
Праект «Вершы» адкрыўся на Кастрычніцкай 19, вясной 2021 году на месцы галерэі сучаснага мастацтва «Ў», якая вымушана закрылася ў кастрычніку 2020 году.