Міхась Андрасюк: Чакаю водгукаў ад польскіх чытачоў
У Беластоку стартавалі Літаратурны фестываль «На паграніччы культур» і традыцыйны, ужо 10-ы па ліку, кніжны кірмаш, у якім бяруць удзел 90 выдаўцоў з усяе Польшчы. У межах фестывалю адбудзецца каля 20 аўтарскіх сустрэч. Сярод іх і сустрэча з нашым рэдакцыйным калегам, пісьменнікам Міхасём Андрасюком, на якой будзе прэзентаваны пераклад яго рамана “Поўня” на польскую мову. Напярэдадні сустрэчы пра раман з аўтарам паразмаўляў Алесь Аркуш.

РР: Практычна ўсё з «Поўняй» адбылося. Выйшла папяровая кніга па-беларуску. Выйшла папяровая кніга па-польску. Завяршыўся гучаць раман на хвалях нашага радыё. Што яшчэ можна зрабіць? Ці ёсць нейкія іншыя планы? Можа фільм зняць, ці зрабіць тэатральную пастаноўку паводле рамана?
Міхась Андрасюк: Згодна з дамовай зараз усе правы на акрэслены час перайшлі на выдаўца. І пытанне да яго, што ён зробіць далей з гэтай кнігай. Мне таксама цікава, што ён зробіць.
РР: Да якога выдаўца?
Міхась Андрасюк: Да Фонду «Суседзі», які выдаў польскі пераклад. І вось правы на гэты польскі варыянт зараз належаць выдаўцу.
РР: То цяпер гэтае выдавецтва павінна рупіцца і пра прэзентацыі кнігі і пра пашырэнні яе на ўсю Польшчу? Я так разумею.

Міхась Андрасюк: Дакладна так. І вось ужо ў суботу 22 красавіка адбудзецца першая прэзентацыя кнігі на кніжным кірмашы ў Беластоку.
РР: А для цябе асабіста, ці сняцца яшчэ твае героі, ці гуляеш з імі ў снах у футбол? Ці ты ўжо адпусціў гэтых герояў і зараз думаеш пра нейкіх іншых.
Міхась Андрасюк: Не, «Поўня» закончана. Зараз у мяне ў галаве яе ўжо няма. Чакаю водгукаў ад польскіх чытачоў. Ці будуць такія? І ўсё. Я больш нічога не магу зрабіць з гэтай кнігай. Не магу яе ўжо зрабіць ні лепшай і ні горшай.

РР: Раман «Поўня», які выйшаў па-беларуску, атрымаў досыць шмат розных прэміяў: і другая прэмія Гедройца, і «Гліняны Вялес». А што будзе з польскай версіяй? Ці можна разглядаць, што яна патрапіць у нейкую «прэміяльную раздачу»?
Міхась Андрасюк: У Польшчы асабліва шмат прэміяў для паэтаў. Для празаікаў значна менш. Хаця таксама ёсць. Напэўна з таго, што ведаю ад выдаўца, будуць прадстаўляць гэтую кнігу да прэміі «Ангелус» у Вроцлаве. Можа дзесьці яшчэ. Не ведаю дакладна. Адзначу, што «Поўня» не можа прэтэндаваць на прэміі для польскай літаратуры, хаця яна польскамоўная, але гэта пераклад, а ў арыгінале гэта беларуская кніга. Але пабачым. Прэміі не самае істотнае.
Цалкам размова:
Сустрэча з Міхасём Андрасюком адбудзецца сёння, у суботу, на кніжным кірмашы, які праходзіць на гарадскім стадыёне. Пачатак сустрэчы а 15-й гадзіне. Разам з Міхалам польскамоўную «Поўню» будзе прэзентаваць яе перакладчык Марцін Рэмбач.
Размаўляў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя