Агляд cусветнай прэсы
У Кабуле адбыўся выбух у мячэці. Новыя абвінавачванні Пачобуту. Генсек ААН прыбыў у Львоў, Турцыя і Ізраіль аднаўляюць дыпламатычныя адносіны. Польскія спецыялісты задакументавалі сляды злачынстваў ва Украіне. Балгарыя часова забароніць экспарт драўніны ў трэція краіны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

На поўначы Кабула ў раёна Хайрхана ў сераду ўвечары адбыўся магутны выбух у мячэці, ёсць загінулыя, заявілі прадстаўнікі „Талібана”, паведамляе брытанскае выданне The guardian. Мясцовыя і замежныя СМІ паведамляюць аб дзясятках загінулых і параненых. Па непацверджаных звестках, забіты імам мячэці. Кабульскія медыкі, якія займаецца прыёмам экстранных хворых, паведамілі ў сацсетках, што да іх паступілі 27 пацярпелых пры гэтым выбуху, у тым ліку пяць дзяцей.
Новыя абвінавачванні Пачобуту. Яго вінавацяць у «закліках да дзеянняў на шкоду бяспецы Беларусі». Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, паведамляе «Gazeta Wyborcza». Анджэй Пачобут, які з’яўляецца не толькі журналістам і карэспандэнтам «Wyborczej», але і прадстаўніком незалежнага Саюза палякаў Беларусі, быў арыштаваны 25 сакавіка мінулага года. Беларускія ўлады выстаўляюць яму абсурдныя абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці і прапагандзе таталітарызму, за што яму пагражае 12 гадоў калоніі.
Прэм’ер-міністр Ізраіля Яір Лапід і прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган дамовіліся аб узаемным вяртанні паслоў і генеральных консулаў, а затым аб поўным аднаўленні дыпламатычных адносін. Пра гэта піша „Еўрапейская праўда”. У сваёй заяве Лапід адзначыў, што „аднаўленне сувязяў з Турцыяй з’яўляецца важным актывам для стабільнасці рэгіёна і мае вялікае эканамічнае значэнне для грамадзян Ізраіля”.
Нагадаем, Турцыя папрасіла пасла Ізраіля пакінуць краіну з-за падзей у траўні 2018 года на адміністрацыйнай мяжы сектара Газа, дзе ад рук ізраільскіх ваенных загінулі дзясяткі палестынцаў. Акрамя таго, турэцкі ўрад адклікаў паслоў у Тэль-Авіве і Вашынгтоне для кансультацый. Ізраіль у адказ выправадзіў консула Турцыі ў Іерусаліме.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэраш прыбыў ва Украіну. Цяпер цягнік дэлегацыі знаходзіцца ў Львове, чытаем у выданні «Львівська пошта». Кіраўнік арганізацыі прыме ўдзел у сустрэчы з кіраўніком Турцыі Рэджэпам Тайіпам Эрдаганам і ўкраінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім. Адзначаецца, што трохбаковая сустрэча адбудзецца сёння ў Львове. Палітыкі абмяркуюць пытанні міжнароднага парадку дня.
У суботу Гутэраш пакіне Украіну і накіруецца ў Стамбул, дзе наведае Каардынацыйны цэнтр, арганізаваны ў рамках «прадуктовай здзелкі». Паездка ў Маскву бліжэйшым часам не плануецца, растлумачылі ў ААН.
Польскія пракуратура і паліцыянты з дапамогай сучаснага 3D-сканэра задакументавалі сляды злачынстваў ва Украіне – стала вядома Rzeczpospolita.
Аперацыя – падрыхтоўка, сам ад’езд, а таксама план мерапрыемстваў – праходзілі ў строгай сакрэтнасці. Дакладны час, канкрэтныя месцы, куды выязджалі следчыя для правядзення візуальнага агляду з выкарыстаннем спецыялізаванага абсталявання, былі вядомыя толькі невялікай групе.
– Польскія пракуратура і паліцыя праводзілі працэсуальныя дзеянні ў рамках украінскага расследавання. Яны прайшлі з аглядам месцаў, у тым ліку грамадзянскіх будынкаў, аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры, якія былі знішчаныя ў выніку абстрэлаў з боку Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі – пацвярджае Лукаш Лапчынскі, прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры.
– У рамках праведзеных мерапрыемстваў гэтыя месцы і пашкоджанні былі зафіксаваныя пры дапамозе 3D-сканераў, – дадае пракурор.
Польская PGNiG узяла крэдыт мільярд еўра на набыццё прыроднага газу, піша Bankier. Грошы патрэбны на куплю прыроднага газу перад надыходам ацяпляльнага сезону. Застаўшыся без паставак з Расіі, кампанія заключыла дамову з Банкам нацыянальнай гаспадаркі (BGK).
Дамова разлічана на два гады. PGNiG скарысталася гарантыяй казначэйства – механізмам, прадугледжаным Законам аб асаблівых рашэннях па абароне спажыўцоў газавага паліва ў сувязі з сітуацыяй на газавым рынку. Акрамя таго, Польшча добраахвотна адмовілася ад паставак вугалю з Расеі – у красавіку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў адпаведны закон.
Яшчэ адна краіна забароніць вывозіць дровы. Балгарыя часова забароніць экспарт драўніны ў трэція краіны на фоне дэфіцыту лесаматэрыялаў. Аб будучым часовым спыненні экспарту распавёў міністр сельскай гаспадаркі Явар Гечаў у інтэрв’ю bTV. Ён паведаміў, што апошнім часам попыт на драўніну падскочыў утрая, бо жыхары запасаюцца на зіму. Паводле ацэнак міністра, на стабілізацыю рынку ў краіне спатрэбіцца прынамсі месяц. Раней у жніўні ў Венгрыі ўступіла ў сілу забарона на экспарт дроў: іх нельга вывозіць на фоне энергетычнага крызісу і рэкорднага росту коштаў. Вугорскія ўлады змушаныя кантраляваць экспарт драўніны, паколькі яна мае стратэгічнае значэнне з пункту гледжання энергетычнай бяспекі краіны.
Беларускае Радыё Рацыя
Array