Агляд прэсы: дзе ж голуб міру?



Бульбяны фюрар і ядзерны грыб. МАК трапіў пад сусветную крытыку. У Балгарыі ізноў выбары. У ФРГ узгаднены пакет мер па мадэрнізацыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У выпадку з анансаваным размяшчэннем ядзернай зброі ў Беларусі не геаграфія мае першараднае значэнне і не дыспазіцыя на гіпатэтычным полі бою. Што зменіцца, калі ядзерная зброя сапраўды будзе размешчана, дык гэта ступень верагоднасці яе прымянення.

«Стрэлкі Гадзіннніка Суднага дня давядзецца перавесці яшчэ бліжэй да «ядзернай паўночы» (цяпер яны паказваюць 90 секунд да яе). Пабочны эфект такога кроку, пра які гавораць яшчэ менш – гэта перакрыжаванне двух дыктатарскіх рэжымаў. Фактычна гэта завершыць акупацыю Беларусі. Спробы перацягнуць Лукашэнку на бок дабра, якія і без таго былі сумнеўнымі, стануць зусім бессэнсоўнымі», – піша расейскае назалежнае выданне Graniru.

«Зіма скончылася, разлікі Крамля на тое, што яна зломіць украінцаў, ніколькі не апраўдаліся. Пераламаць сітуацыю на фронце на сваю карысць не ўдалося. Тут яшчэ і ордэр на арышт. Ропат усё больш чутны. Наперадзе – чаканае контрнаступленне ўкраінскага войска. Варыянты няядзернай эскалацыі вычарпаны. А тут такая аказія пад бокам – дыктатар з мегаламаніяй, які даўно марыў аб „ядзернай дзяржаве”. Які, здаецца, не здагадваецца, як яго развялі. Пры нанясенні ўдараў з беларускай тэрыторыі ўдары ў адказ прыйдуцца па ёй жа. Вялізная спакуса для Пуціна. Гэта развязвае яму рукі», – папярэджвае расейскае выданне.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) выказаўся за тое, каб беларускія і расейскія спартсмены змаглі прымаць удзел у міжнародных спаборніцтвах. Гэтая рэкамендацыя была сустрэта рэзкай крытыкай. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык заявіў, што гэта ўсё – «дзень ганьбы МАК». Украінскія атлеты падумваюць аб байкоце спаборніцтваў. Аглядальнікі разважаюць пра матывы і магчымыя наступствы рашэння МАК. «Ох, ужо гэтая святая прастата», – уздыхае нямецкая газета De Morgen.

«Па ўсёй бачнасці, Томас Бах свята верыць у культывіруемую самім МАК ідэю аб глыбінных алімпійскіх каштоўнасцях, якія стаяць куды вышэй за «шэраговы» спорт, а менавіта ў тое, што Міжнародны алімпійскі камітэт нібыта з’яўляецца такім «голубам міру ў нашым жорсткім свеце». І найвышэйшай кропкай тут выступае «алімпійскі мір», калі на час Гульняў па ўсёй планеце змаўкае зброя. Аднак насамрэч спорт рэдка вядзе да рэальнага перамір’я і братання, а ўжо аб падзеле спорту і палітыкі і зусім казаць не прыходзіцца. І ў гэтых адносінах у Расеі якраз вельмі сумнеўнае мінулае», – наракае нямецкае выданне.

У нядзелю грамадзяне Балгарыі будуць зноў абіраць парламент: пяты раз за апошнія два гады. Паводле звестак апытанняў, партыі абодвух экс-прэм’ераў – Бойкі Барысава і Кірыла Пяткова – будуць ісці наздра ў наздру. Адкрытым застаецца пытанне пра тое, ці атрымаецца на гэты раз сфарміраваць жыццяздольную кааліцыю, якая будзе ў стане забяспечыць краіне стабільны ўрад. Мясцовая прэса піша і пра іншыя аспекты гэтых выбараў. «На маючых адбыцца 2 красавіка парламенцкіх выбарах пытанне, па сутнасці, будзе стаяць так: якія партыі падтрымаюць грамадзяне – прапуцінскія і прарасейскія – ці ж антыпуцінскія і праеўрапейскія?» – падагульняе балгарсёкае выданне Е-vestnik.

«Асноўнае пытанне аб адхіленні Барысава і ягонай партыі ГЕРБ, якая па-ранейшаму ў значнай ступені кантралюе справы ў дзяржаве, цяпер, у параўнанні з папярэднімі выбарамі, адышоў на другі план. Паводле апытанняў, не менш за 20 працэнтаў выбаршчыкаў у Балгарыі маюць намер аддаць свае галасы за партыі, якія рашуча падтрымліваюць Расею. Гэта – правая нацыяналістычная партыя Адраджэнне і прарасейская Балгарская сацыялістычная партыя. Са свайго боку, праеўрапейскія партыі папярэджваюць, што Адраджэнне і БСП маюць намер адарваць Балгарыю ад ЕЗ і NATO. У такім становішчы, падагрэтай пуцінскай вайной, ніхто нікому не верыць», – адзначае балгарскае выданне.

Партыі, якія ўваходзяць у кіруючую кааліцыю ФРГ, а менавіта СДПГ, Зялёныя і СвДП, дасягнулі кампрамісу па шэрагу спрэчных пытанняў. У тым, што да абароны клімату, прынята наступнае рашэнне: з гэтага часу захаванне абмежаванняў па максімальна дапушчальных выкідах СО2 у год будзе ацэньвацца не па кожным сектары ў асобнасці, а ў агульнай карціне. Дасягненне кліматычнай нейтральнасці, заяўленае мэтай да 2045 года, будзе ажыццяўляцца перш за ўсё за кошт гандлю квотамі на выкіды, а выдача ліцэнзій на будаўніцтва аўтамабільных дарог і чыгункі павінна быць спрошчана. Каментатары не ў захапленні ад гэтых кампрамісных рашэнняў. Нямецкая газета taz крытыкуе той факт, што кіруючая кааліцыя робіць стаўку на павышэнне коштаў на выкіды СО2 як на галоўны інструмент барацьбы з кліматычным крызісам.

«Для багатых гэта не праблема, ім не давядзецца мяняць свой лад жыцця. А вось для людзей з невысокім дастаткам – гэта катастрофа, многія ўжо не ўяўляюць, як будуць аплачваць высокія рахункі за ацяпленне і электраэнергію. Палітыка СДПГ, Зялёных і СвДП не толькі правакуе глабальнае пацяпленне, але і паглыбляе сацыяльны раскол у грамадстве», – папярэджвае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя