Агляд прэсы: калі ў прыярытэце «супраца»
Як паразуменне Зім-Беларусі актывізавала дыпламатычныя сувязі. Землятрус у Турцыі і Сірыі: як дапамагчы пацярпелым? Саміт ЕЗ: спрэчкі аб планах па субсідзіраванні эканомікі. Як вайна змяніла размеркаванне роляў у Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Як і чакалася, некаторыя прадстаўнікі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Зімбабвэ былі абураныя нядаўнім дзяржаўным візітам Лукашэнкі. Аднак для большасці зімбабвійцаў візіт беларускага лідара стаў яшчэ адной вяхой адміністрацыі Харарэ ў рэінтэграцыі краіны ў супольнасць нацый пасля гадоў ізаляцыі», – піша зімбабвійская праўрадавая газетаThe Herald.
«Дзяржаўны візіт Лукашэнкі стаў узаемным пасля візіту прэзідэнта Мнангагвы ў Беларусь у 2019 годзе. Гэта таксама адбылося ў той час, калі абедзве краіны знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі, хаця і па розных прычынах. У міжнародных адносінах існуе так званы закон прыцягнення, які з’яўляецца універсальным фактарам прыцягнення ўзаемадзеяння дзяржаў. Гэты візіт быў раскрытыкаваны апазіцыяй – мясцовымі заходнімі паплечнікамі, мэта якіх – зрабіць Зімбабвэ краінай-ізгоем. Любы нармальны жыхар Зімбабвэ, безумоўна, не паспрачаецца з лідарам еўрапейскай краіны, які імкнецца ўзмацніць дыпламатычныя адносіны з Зімбабвэ, якая імкнецца мадэрнізаваць сваю краіну шляхам усталявання ўзаемавыгадных партнёрстваў. Адным з фундаментальных праектаў у цэнтры беларуска-зімбабвійскіх дыпламатычных адносін з’яўляецца ператварэнне апошняй у рэгіянальны і лагістычны хаб. Міжнародная сістэма – гэта архаічная сістэма, якая патрабуе злучэння з дзяржавамі-аднадумцамі», – падсумоўвае праўрадавае зімбабвійскае выданне.
***
У выніку наймацнейшага землятрусу, які адбыўся на паўднёвым усходзе Турцыі і паўночным захадзе Сірыі, загінулі тысячы людзей. Колькасць ахвяр расце лавінападобна. З-пад завалаў вынята сама меней 9 000 загінулых. Тысячы людзей усё яшчэ знаходзяцца пад заваламі ці ж змагаюцца за выжыванне на марозе пад адкрытым небам. Што трэба зрабіць для таго, каб дапамога з іншых краін была задзейнічана максімальна эфектыўна і выратавала як мага хутчэй як мага большую колькасць пацярпелых? Бельгійская газета De Standaard крытыкуе той факт, што ўлады Сірыі адмовіліся цалкам адкрыць межы краіны для міжнародных канвояў з гуманітарнай дапамогай.
«Яшчэ ў панядзелак увечары сірыйскі рэжым ясна даў зразумець, што не збіраецца проста так адчыняць межы для дастаўкі дапамогі. Тым самым рэжым Асада наглядна дэманструе, што нават аказанне дапамогі людзям, якія пражываюць на тэрыторыях, якія кантралююцца апазіцыяй, па-ранейшаму залежыць ад гульняў цынічных палітыкаў. Доўгія гады рэжым Асада настойваў на тым, каб уся гуманітарная дапамога абавязкова праходзіла праз Дамаск. Гэта дазваляе яму запускаць у дапамогу руку, і далей вырашаць, як паступіць з рэшткамі», – піша бельгійскае выданне.
***
У мэтах мінімізацыі рызык, якімі можа абярнуцца для эканомікі Еўропы прыняты ў ЗША Закон аб зніжэнні інфляцыі, Еўракамісія распрацавала свой Новы зялёны прамысловы план, які яна і прадставіла грамадскасці на мінулым тыдні. У сваіх артыкулах аглядальнікі даюць ацэнкі магчымым рызыкам для Еўропы, а таксама дзеляцца меркаваннямі пра тое, чаму план Бруселя не сустрэў аднадушнай ухвалы сярод краін ЕЗ і стане прадметам жорсткай дыскусіі падчас саміту супольнасці, запланаванай на чацвер і пятніцу. «Амерыканскі пратэкцыянізм пагражае эканамічнай палітыцы Еўразвяза», – занепакоеная аўстрыйская газета Der Standard.
«Рызыка масавага зыходу кампаній з Еўропы, па ўсёй бачнасці, не такая высокая, як сцвярджае ў першую чаргу нямецкая прамысловасць. Але за гэтым стаіць глыбейшы зрух у палітыцы ЗША, які падрывае прынцып адкрытасці сусветных рынкаў, а гэта – адзін са слупоў, на якім грунтуецца росквіт Еўропы. З адступленнем эры глабалізацыі свету таксама пагражае негатыўны паваротны момант і ў эканамічным плане. Замест таго каб аслабляць абмежаванні на выдзяленне субсідый на нацыянальным узроўні, трэба было б зрабіць так, каб субсідыі паступалі з агульнага катла ЕЗ. У адваротным выпадку ўнутры Еўразвяза пачнецца дарагая гонка, якая паставіць бяднейшыя дзяржавы ў вельмі нявыгаднае становішча», – адзначае аўстрыйскае выданне.
***
Хутка міне год з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. На старонках еўрапейскай прэсы аглядальнікі і эксперты падводзяць прамежкавыя вынікі і разважаюць пра тое, як гэтая вайна змяніла Еўропу і свет. «Вугорскі ўрад па-ранейшаму нязменна сімпатызуе Маскве», – канстатуе венгерская газета Népszava.
«Украіна – гэта хвалярэз, які супрацьстаіць расейскай паводцы, а НАТО – скала, якая высіцца за гэтым хвалярэзам. У падобным кантэксце слепа праводзіць сёння ў Венгрыі прарасейскую палітыку і чыніць перашкоды ўкраінскаму супраціву: гэта альбо глупства і палітычнае самагубства, або адкрытая здрада. Магчыма, зараз і прэм’ер-міністр усведамляе, што Пуцін сёння такі ж наш «сябар», якім быў у свой час Гітлер. Не выключна, што ён усё ж такі зробіць высновы з памылак сваіх папярэднікаў, і своечасова пакіне заліхвацкую расейскую тройку з бразготкамі. Вельмі хацелася б у гэта верыць. Аднак ніводнай прыкметы такога развароту пакуль што няма», – падкрэслівае венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array