Агляд прэсы: каштоўная зброя
Лукашэнка заклікаў да «перамір’я» ва Украіне. Кароль Карл на трыбуне Бундэстага. У Расеі арыштаваны амерыканскі журналіст Эван Гершковіч. Штучны інтэлект: далей дарогі няма? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларускі саюзьнік Крамля Аляксандар Лукашэнка заклікаў да «перамір’я» ва Украіне і да перамоваў «без папярэдніх умоваў» паміж Масквой і Кіевам», – паведамляе малазійская газета Malaymail.
«Лукашэнка заявіў, што падтрымка Кіева Захадам павялічвае верагоднасць пачатку ядзернай вайны ва Украіне. Пры гэтым Беларусь дазволіла расейскім войскам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю ў якасці стартавай пляцоўкі для наступу Масквы, але Лукашэнка пакуль адмаўляецца накіраваць войскі праз мяжу. У мінулыя выходныя прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвясціў аб планах размяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў саюзнай з Масквой краіне, што выклікала асуджэнне з боку Захаду. Беларусь заявіла, што была вымушаная размясціць расейскую ядзерную зброю з-за «беспрэцэдэнтнага» ціску Захаду, настойваючы на тым, што яе размяшчэнне не парушае міжнародных пагадненняў», – падкрэслівае малазійскае выданне.
***
У ходзе свайго трохдзённага візіту ў Германію кароль Вялікабрытаніі, Паўночнай Ірландыі і каралеўстваў Садружнасці Карл III выступіў з прамовай у Бундэстагу. Гэта стала першым выступам брытанскага манарха перад дэпутатамі нямецкага парламента. У сваёй прамове Карл III падкрэсліў важнасць германа-брытанскага сяброўства і аддаў належнае падтрымцы, якую Германія аказвае Украіне. Улічваючы тое, што выхад Вялікабрытаніі з ЕЗ азмрочыў было адносіны Лондана з партнёрамі на кантыненце, гэты візіт стаў важнай вяхой. «Выступ Карла III у бундэстагу ўвойдзе ў гісторыю», – упэўненая нямецкая газета Der Tagesspiegel.
«Брэкзіт? Гэта ўчорашні дзень! Манарх ад імя сваёй каралеўскай вялікасці выступіў з прапановай: вам ніколі не давядзецца застацца ў адзіноце. Тэхналогіі, устойлівае развіццё, пільнасць, экалогія, свабода і адказныя дзеянні, даказаныя паводзінамі Вялікабрытаніі ў адносінах да Украіны – у гэтым пакеце ўсё, што трэба. Але адсюль вынікаюць і абавязацельствы, прычым для абодвух бакоў: служыць дабру, аб’яднаўшыся па-братэрску. Не аслабляць намаганняў, і ў той жа самы час не пакідаць партнёрства з Вялікабрытаніяй, якая стала геаграфічна меншай і не такой значнай краінай, чым у былыя часы. З пункту гледжання ролі Карла як караля, гэтая гаворка была вельмі палітычнай. Яна была звернута ў будучыню, і гэта яшчэ да каранацыі. Ці не сапраўды гістарычны маштаб?», – задаецца пытаннем нямецкае выданне.
***
У Расеі арыштаваны карэспандэнт амерыканскай дзелавой газеты The Wall Street Journal Эван Гершковіч. Журналіста затрымалі ў Екацярынбурзе, куды ён накіраваўся ў пошуках матэрыялу для рэпартажу. У Екацярынбурзе размешчаны важныя прадпрыемствы расейскага ВПК. У адрас Гершковіча выстаўлены абвінавачанні ў шпіянажы, суд у Маскве арыштаваў яго пакуль што на два месяцы, да 29 траўня. Да гэтага часу абмежаванні прэсы, уведзеныя ў Расеі, не гэтак відавочна закраналі працу замежных карэспандэнтаў. «Цяпер замежным СМІ будзе яшчэ складаней працаваць у Расеі», – такую засцярогу выказвае нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«З сакавіка мінулага года над галовамі карэспандэнтаў навіс дамоклаў меч закона, прынятага ў якасці інструмента цэнзуры – і забараняючага нават называць вайну вайной. Прадстаўніца расейскага МЗС заявіла, што, маўляў, не толькі Гершковіч выкарыстаў свой статус для ажыццяўлення шпіёнскай дзейнасці: гэтым, маўляў, займаюцца і карэспандэнты іншых СМІ. На жаль, даводзіцца баяцца таго, што маецца на ўвазе звычайная журналісцкая праца па зборы інфармацыі, бо для Крамля няма нічога страшнейшага за свабоднае слова», – піша нямецкае выданне.
***
Больш за 1000 экспертаў у галіне тэхналогій і даследаванняў, у тым ліку Ілан Маск і сузаснавальнік Apple Стыў Вазняк, у адкрытым лісце папярэдзілі аб «сур’ёзных рызыках», якія нясе з сабой выкарыстанне штучнага інтэлекту (ШІ). Яны патрабуюць як мінімум паўгадавога перапынку ў распрацоўцы новых тэхналогій і ўстанаўленні стандартаў бяспекі. Аглядальнікі спрачаюцца пра тое, ці можна і ці трэба стрымліваць тэхнічны прагрэс. «Наш абавязак – неадкладна дапрацаваць наш падыход да праблемы штучнага інтэлекту», – піша ў сваім артыкуле французская газета Les Echos.
«Мы павінны як мага хутчэй заняцца стварэннем новых інстытутаў. Для гэтага неабходныя кампетэнтныя і легітымныя ведамствы, якія спраўляліся б з агіднай плынню бруднай дэзінфармацыі, якая пагражае апанаваць сабой усе сацыяльныя сеткі і паставіць пад пагрозу нашу дэмакратыю. Еўропа можа адыграць у стварэнні такіх ведамстваў вядучую ролю. Нашым прыярытэтам павінна стаць прасоўванне канкурэнтаздольных і – галоўнае! – адказных тэхналогій. Еўропа не мае права дапусціць таго, каб цяперашняя гонка па распрацоўцы і ўкараненню ўсё больш магутных лічбавых інструментаў выйшла з-пад кантролю», – заклікае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.