Агляд прэсы: ніхто не спыніў



Ці пацярпеў расейскі рэактыўны самалёт-радар А-50 пасля атакі беспілотніка ў Беларусі? Ці заблакуе Венгрыя фінаў і шведаў у іх шляху ў НАТО? Новыя санкцыі супраць Расеі. Кампраміс па пратаколе па Паўночнай Ірландыі дасягнуты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Спадарожнікавыя здымкі не паказваюць відавочных прыкмет пашкоджання расейскага радыёлакацыйнага самалёта А-50 у Беларусі пасля меркаванай атакі партызан. На здымку, зробленым раніцай 28 лютага, бачны бартавы самалёт ранняга папярэджання і кіравання A-50 Mainstay, які, як мяркуецца, быў атакаваны, усё яшчэ знаходзіцца ў асноўным цэлым на лініі палёту на базе», – піша амерыканскае выданне The Drive.

«Выява наўпрост пацвярджае, што самалёт не быў знішчаны цалкам. На яго абцякальніку і ў вобласці правага крыла ёсць цікавае зацяненне, якое можа паказваць на нейкае пашкоджанне, хоць на дадзены момант гэта толькі верагоднасць. Гэтак жа лёгка магло быць звязана са снегам на самім апараце. Мы таксама не бачым значнай колькасці транспартных сродкаў або іншай актыўнасці вакол самалёта, якую можна было б чакаць, калі б на яго нядаўна напалі. Здымкі яшчэ апрацоўваюцца, і мы спадзяемся неўзабаве атрымаць поўнакаляровую версію для больш поўнага аналізу самалёта і аэрадрома вакол яго. Прынамсі, гэта паказвае, што самалёт у цэлым цэлы. Гэта не азначае канчаткова, што самалёт не быў пашкоджаны ў выніку нейкай атакі, але калі гэта адбылося, пашкоджанні занадта малыя, каб іх можна было ўбачыць на даступных у цяперашні час камерцыйных спадарожнікавых здымках, што таксама ставіць пад сумнеў іх агульную сур’ёзнасць», – падсумоўвае амерыканскае выданне.

***

На працягу многіх месяцаў Венгрыя спрабавала выйграць час, аднак на гэтым тыдні венгерскі парламент нарэшце зоймецца абмеркаваннем заяўкі Швецыі і Фінляндыі на ўступленне ў НАТО. Венгрыя – адзіная краіна Еўразвяза, якая яшчэ не дала афіцыйнай згоды на прыняцце гэтых дзвюх краін у шэрагі альянсу. Чакаецца, што галасаванне адбудзецца на наступным тыдні. На кон, як адзначаюць аглядальнікі, пастаўлена вельмі шмат. «Што ж, ЕЗ і НАТО, зараз вам няма чаму дзівіцца», – падсумоўвае фінская газета Helsingin Sanomat.

«Орбан разбурае адзінства Захаду знутры, і робіць ён гэта без усялякага сораму. Аднак Еўразвяз павінен вінаваціць у гэтым самога сябе! Орбан застаецца ва ўладзе ў Венгрыі, з усімі грашыма з фондаў ЕЗ, з карупцыяй у краіне і з уладай партыі Фідэс. Калі ў ЕЗ быў нарэшце прыняты механізм у абарону вяршэнства права, які дазваляе прымаць меры супраць аўтарытарных тэндэнцый у Венгрыі і Польшчы, ён не быў бы задзейнічаны належным чынам. НАТО таксама павінна была своечасова паставіць аўтакратаў на месца, а зараз тыя ў самы крытычны момант узялі альянс у закладнікі», – адзначае фінскае выданне.

***

На днях ЕЗ прыняў ужо дзясяты пакет санкцый супраць Расеі. З-за вета, накладзенага асобнымі краінамі Еўразвяза, не згоднымі з пэўнымі дэталямі, санкцыі не змаглі ўступіць у сілу, як планавалася, у гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Аглядальнікі разважаюць пра тое, наколькі эфектыўнымі аказаліся прынятыя меры. «Санкцыі працуюць, але павольна», – піша аўстрыйская газета Kleine Zeitung.

«Так, сапраўды, Расея аказалася больш устойлівай, чым першапачаткова меркавалі і на што, верагодна, спадзяваліся некаторыя. Тым не менш, на думку экспертаў, гэтыя меры працуюць, нават калі яны яшчэ не дасягнулі сваёй сапраўднай мэты. Існуе занадта шмат шчылін, і багатыя расейцы ўмеюць спрытна імі карыстацца. Але страта заходніх ноў-хаў абавязкова стукне па Расеі – асабліва ў доўгатэрміновай перспектыве. Эксперты лічаць, што Савецкі Саюз распаўся ў тым ліку з-за адсутнасці тэхналогій, прычым дзяржава ўкладала ўсе свае рэсурсы ў гонку ўзбраенняў. Тут ужо можна ўбачыць паралелі. Але Еўропе трэба назапасіцца цярпеннем», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.

***

Пасля трохгадовага перацягвання каната Вялікабрытанія і Еўразвяз дасягнулі кампрамісу па пытанні Паўночнаірландскага пратакола. Правілы, якія дзейнічалі дагэтуль, ускладнялі гандаль паміж Вялікабрытаніяй і Паўночнай Ірландыяй, якая дэ-факта працягвае заставацца часткай еўрапейскага ўнутранага рынку. Надалей абкладацца мытнымі зборамі будуць толькі тыя тавары, што прызначаюцца для Рэспублікі Ірландыя. Еўрапейская прэса ацэньвае дасягнуты кампраміс збольшага станоўча. «Брытанскі прэм’ер вырашае праблемы, а не стварае іх», – расхвальвае Сунака швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«Для Рышы Сунака гэты дзень можа стаць вырашальным у плане ягонай палітычнай будучыні. Ён цалкам мог бы адкласці пытанне аб Паўночнай Ірландыі, і такім чынам пазбегнуць прамой канфрантацыі з асяроддзем Джонсана. Але ён даў адкрыта разгарэцца тлеючай унутры партыі барацьбе за ўладу. Такі ўчынак патрабуе мужнасці, бо жыццё Сунака ў партыі торы ад гэтага не стане лягчэй. Але затое ён заваюе павагу грамадзян краіны, калі, вядома, іх увогуле хвалюе пытанне Паўночнай Ірландыі. А павага з боку народа – гэта той рэсурс, якім партыі і ўраду не варта грэбаваць, асабліва пасля леташніх эскапад», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Array