Агляд прэсы: уздыхнуць з палёгкай
Расея і Беларусь пашыраюць вайсковыя вучэнні. Захад прадаставіць Украіне танкі і БМП. У Чэхіі напярэдадні выбараў апраўданы Бабіш. У Бразіліі «усё спакойна». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Расея і Беларусь пашыраюць сумесныя вайсковыя вучэнні ў Беларусі. Адпаведна Расея таксама ўзяла на сябе заслугу за паспяховы ўдар па ўкраінскіх сілах, які ўкраінскія вайскоўцы адкінулі як прапаганду», – сочыць за сітуацыяй у рэгіёне амерыканскае выданне The Foreign Policy.
„Сотні расейскіх вайскоўцаў — ад 1400 да 1600 чалавек — прыбылі ў Віцебск у нядзелю. Расея і Беларусь дадалі зброю і вайскоўцаў да вучэнняў, якія абапіраюцца на вопыт Расеі ў яе вайне ва Украіне. Усё гэта ўзмацняе засцярогі, што Расея плануе новы ваенны ўдар з поўначы. Тое, што такі ўдар летась праваліўся, не азначае, што Пуцін не паспрабуе яшчэ раз. Да таго ж у мінулым месяцы Пуцін наведаў Лукашэнку ў Менску, сталіцы Беларусі , дзе Лукашэнка даў наступную рэзкую ацэнку: «Мы двое — суагрэсары, самыя шкодныя і таксічныя людзі на гэтай планеце. У нас толькі адна спрэчка: хто большы. Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін кажа, што гэта я. Я ўжо пачынаю думаць, што ён. Мы вырашылі, што гэта няважна, раз мы разам», – цытуе самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі амерыканскае выданне.
Францыя мае намер паставіць Украіне лёгкія танкі AMX-10 RC, Вашынгтон – БМП Bradley, а канцлер ФРГ Олаф Шольц абвесціў пра тое, што Нямеччына перадасць Кіеву БМП Marder. Як адзначыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, гэта новы ўзровень падтрымкі Украіны ў яе супраціве расейскай агрэсіі. Ці не дайшла чарга і да танкаў Leopard? «Нямеччына павінна даць Украіне танкі Leopard, але ва ўзаемадзеянні з іншымі краінамі», – падкрэслівае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Можна было б дабіцца большага эфекту, калі б Германія разам з многімі іншымі еўрапейскімі ўзброенымі сіламі, якія выкарыстоўваюць нямецкія танкі Leopard-2, стварыла саюз па сумесных пастаўках узбраення Украіне: у такім выпадку былі б забяспечаны патрэбныя аб’ёмы, лагістыка, запчасткі. Ініцыяваўшы такую «леапардавую ініцыятыву», еўрапейцы і першым чынам немцы, істотна палегчылі б жыццё Джо Байдэну па той бок Атлантыкі. Прэзідэнт тады мог бы растлумачыць некаторым сваім скептычна настроеным суайчыннікам, што асноўную нагрузку не заўсёды нясуць на сабе ЗША. Такую задачу могуць выканаць і саюзнікі: тыя, на чыім кантыненце і ля парога якіх, пуцінская Расея разбурыла мір», – адзначае нямецкае выданне.
У нядзелю прыхільнікі ўльтраправага экс-прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару ўварваліся ў парламент, а таксама шэраг іншых будынкаў ва ўрадавым квартале сталіцы краіны. Сілам правапарадку ўдалося ўзяць сітуацыю пад кантроль. Каля паўтары тысячы ўдзельнікаў беспарадкаў былі затрыманыя. Прэзідэнт Лула да Сілва аб’явіў пра тое, што будзе праведзена расследаванне. «Цяперашнія мяцежнікі добра знаёмыя нам па мінулым», – лічыць гішпанская газета Público.
«З моманту дзяржаўнага перавароту, здзейсненага Жэтуліу Варгасам, і ўсталявання так званай Новай дзяржавы ў 1937 годзе ў Бразіліі сталі рэгулярна адбывацца путчы. Гэтая велізарная лацінаамерыканская краіна стала лабараторыяй для найболей страшных і жорсткіх эксперыментаў з боку антыкамуністычнай тыраніі. Большую частку натоўпу, якая ў нядзелю паспрабавала здзейсніць пераварот супраць Лулы да Сілва і заняла тры ўрадавыя будынкі ў сталіцы, складалі белыя мужчыны. Сярод мяцежнікаў практычна не было жанчын або цемнаскурых, хаця палова насельніцтва Бразіліі – гэта прадстаўнікі нябелай расы. Усё як заўсёды: белыя мужчыны не жадаюць губляць сваю ўладу. Іх лозунгі гучаць так:»Айчына, сям’я, Бог і свабода» – гэтак жа, як у фашыстаў мінулага. Такая гісторыя Бразіліі і Лацінскай Амерыкі», – папярэджвае гішпанскае выданне.
За некалькі дзён да першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Чэхіі суд нечакана вынес апраўдальны прысуд у дачыненні да алігарха і былога прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша, які абвінавачваўся ў махлярстве са сродкамі з фондаў Еўразвяза. Аглядальнікі разважаюць пра тое, ці ёсць у Бабіша шанцы пацягацца ў барацьбе за вышэйшую пасаду ў краіне са сваімі галоўнымі канкурэнтамі – генералам у адстаўцы Пятром Павелам і прафесарам эканомікі Данушы Нярудавай. На думку чэшскай газета Mladá fronta, былы прэм’ер можа разлічваць на рэзкае павелічэнне колькасці сваіх прыхільнікаў.
«Неўзабаве Бабіш завершыць яшчэ адну паездку па рэспубліцы. У Парыжы яго прыме фактычны кіраўнік Еўропы Эманюэль Макрон, і там жа ён сустрэнецца з самым вядомым чэшскім пісьменнікам – Міланам Кундэрай. Затым рушыць услед яго адзіны за ўсю кампанію ўдзел у тэлевізійных дэбатах паміж кандыдатамі ў прэзідэнты, і рэйтынг перадачы відавочна будзе зашкальваць. Акрамя таго, ён трыўмфальна выйграў суд па справе аб «бусліным гняздзе» 15-гадовай даўніны. Ці можна ўявіць сабе больш ідэальны фінал яго перадвыбарнай кампаніі?», – задае рытарычнае пытанне чэшскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае радыё Рацыя
Array