Агляд СМІ: Турцыя пачала ваенную аперацыю ў Сірыі?
У Турцыі адпрэчылі паведамленні пра пачатак аперацыі ў Сірыі, Краіны Захаду заклікалі прысвоіць алмазам з Расеі статус „крывавых”, Савецкія помнікі перанеслі з эстонскай Нарвы і яе наваколля, Кітай прымае меры па падвышэнні нараджальнасці, падрабязнасці ў аглядзе прэсы ад Антона Разумоўскага.

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Турцыі абверг паведамленні пра пачатак аперацыі на поўначы Сірыі. Аб’явы турэцкіх мячэцяў Каркамышскага раёна Газіянтэпа аб тым, што ў паўночным рэгіёне Сірыі пачалася ініцыяваная Турцыяй антытэрарыстычная аперацыя, ілжывыя. Пра гэта паведамляе выданне Aydinlik са спасылкай на міністра ўнутраных спраў краіны Сулеймана Сойлу.
Па дадзеных выдання, мячэці распаўсюдзілі інфармацыю аб тым, што паветраная прастора Газіянтэпа ачышчана ад грамадзянскай авіяцыі. Між тым, ваенныя самалёты, якія належаць узброеным сілам Турцыі, працягваюць лятаць над сірыйскай правінцыяй Алепа.
Напярэдадні мінабароны Сірыі паведаміла, што Ваенна-паветраныя сілы Турцыі нанеслі ўдары па ваенных аб’ектах каля Алепа, у выніку чаго загінулі трое сірыйскіх ваенных, яшчэ шэсць параненыя.
Пра тое, што ваенныя Турцыі збіраюцца пачаць новую антытэрарыстычную аперацыю на поўначы Сірыі, аб’явіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган 1 чэрвеня. Пры гэтым даты пачатку аперацыі супраць членаў Рабочай партыі Курдыстана (РПК) і „Сіл народнай самаабароны” (СНС), якія ў Турцыі прызнаны тэрарыстычнымі арганізацыямі, не была заяўлена.
Манументы з савецкай сімволікай перанесены з Нарвы і найбліжэйшых наваколляў горада, паведаміла эстонская грамадска-палітычная штодзённая газета «Postimees» са спасылкай на прэс-службу ўрада Эстоніі. Танк Т-34 дастаўлены ў Эстонскі ваенны музей, дзе стане часткай экспазіцыі, якая расказвае пра гісторыю Другой сусветнай вайны. Перанесены мемарыяльныя дошкі з Пятроўскай плошчы Нарвы, помнік чырвонаармейцам у парку каля замка і мемарыяльны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Ігара Графава. У Нарва-Йыэсуу перанеслі манумент „Тры штыкі” і помнік Мерыкуласкаму дэсанту. Надмагілле на брацкай магіле загінулых у Другой сусветнай вайне, размешчанай паміж ракой Нарва і бастыёнам Вікторыя, зробленае нейтральным.
Прэм’ер-міністр Кая Калас назвала перанос помнікаў „маштабнай аперацыяй”, адзначыўшы, што „ўлічваючы, як хутка ў Нарве нарастала напружанасць, звязаная з савецкімі манументамі, урад павінен быў дзейнічаць хутка ў інтарэсах грамадскага парадку і ўнутранай бяспекі”.
ЗША, ЕЗ і Канада заклікаюць прысвоіць алмазам з Расеі статус „крывавых” з-за сітуацыі ва Украіне. Пра гэта паведаміла газета New York Times са спасылкай на ліст прадстаўніка амерыканскага дзярждэпартамента Джорджа Каджаці, адрасаваны старшыні Кімберлійскага працэсу, які быў створаны ў 2000 годзе і аб’ядноўвае больш за 80 краін. Арганізацыя была названа ў гонар горада Кімберлі ў ПАР, дзе прайшла першая канферэнцыя па барацьбе з нелегальна здабытымі каштоўнымі камянямі. Іх называюць „крывавымі дыяментамі” з-за здабычы на тэрыторыі вядзення баявых дзеянняў. Акрамя таго, сродкі ад продажу камянёў накіроўваюцца на фінансаванне рэгіянальных канфліктаў ці тэрарыстычных груповак. Як адзначае газета, у чэрвені на сходзе Кімберлійскага працэсу ў Бацване ўзнялі пытанне аб дыяментах з Расеі. Аднак, абмеркаванне скончылася пасля вета Кітая, Беларусі і ўласна Расеі.
КНР прымае меры па павышэнні нараджальнасці ў краіне, паведамляе газета „Чжунго жыбао”. Для гэтага ўрадам Кітая апублікавана спецыяльнае кіраўніцтва па паскоранаму стварэнню сістэмы падтрымкі нараджальнасці, якая „зніжалася на працягу многіх гадоў”. Дакумент, зазначае выданне, ахоплівае ўсе звязаныя з нараджальнасцю сферы, уключаючы шлюб, уласна нараджэнне і выхаванне дзяцей, адукацыю, жыллё, занятасць і ахову здароўя, каб „заахвоціць людзей нараджаць больш дзяцей у больш спрыяльных для фертыльнасці ўмовах”. Раней улады перагледзелі таксама закон аб народанасельніцтве і планаванні сям’і, дазволіўшы мець у адной сям’і да трох дзяцей.
Нягледзячы на нацыянальную традыцыю вялікіх сем’яў, на працягу дзесяцігоддзяў у КНР практыкавалася палітыка „адна сям’я – адно дзіця”, якая тлумачылася немагчымасцю падтрымання высокіх тэмпаў эканамічнага росту пры адначасовым некантралюемым росце насельніцтва. Аднак з часам гэта прывяло да нарастання шэрагу дэмаграфічных праблем, у тым ліку хуткага старэння насельніцтва, прагрэсавальнай перавагі мужчынскага насельніцтва і іншых.
Згодна з кіраўніцтвам, Кітай плануе стварыць каля дзесяці нацыянальных педыятрычных цэнтраў для паляпшэння доступу да высакаякасных медыцынскіх паслуг, перагледзець патрабаванні па прадастаўленні адпачынкаў па цяжарнасці і родах для работнікаў, страхавання па цяжарнасці і родах і розных выплат. Таксама мяркуецца палепшыць жыллёвую палітыку для сем’яў з дзецьмі. Сем’і, якія маюць больш за адно дзіця, будуць карыстацца льготамі пры куплі і арэндзе жылля. Згодна з вынікамі сёмага нацыянальнага перапісу насельніцтва, апублікаваным Дзяржаўным статыстычным кіраваннем, у 2020 годзе ў Кітаі быў зафіксаваны каэфіцыент фертыльнасці ў 1,3 дзіцяці на жанчыну, што ніжэй за сумарны каэфіцыент узнаўлення ў 2,1, неабходны для захавання стабільнасці колькасці насельніцтва.
Беларускае Радыё Рацыя
Array