Франак Вячорка: Святлана Ціханоўская – выгодны для ўсіх грамадны палітычны рэсурс



Беларусы-актывісты, прадстаўнікі дыяспары і новапрыбыўшыя з Беларусі сустрэліся ў Падляшскай бібліятэцы са Святланай Ціханоўскай у межах прэзентацыі кнігі Руслана Шошына „Lodołamaczka”. У першым шэрагу сачыў за ўсім працэсам і падказваў важныя дэталі старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай –  Франак Вячорка.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з Франакам Вячоркам пра Святлану Ціханоўскую як палітычную фігуру, як яна ставіцца да ўласнай апазіцыі, хто прыдумаў эпітэт-назву «Lodołamaczka» для кнігі і ці можа выданне прывесці да новых перамен у Беларусі.

РР: Ішла размова пра тое, што Святлана захавала чалавечы твар, вы так сядзелі і думалі. Пра што вы думалі ў той момант?

Франак Вячорка: Я проста лічу, што гэта пяты элемент. Што нам у нашым змаганні не хапала чалавека, які б сваёй чалавечнасцю, эмпатычнасцю ўвасабляў беларусаў. Таму што былі розныя палітыкі, былі і Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк, Сямён Домаш, Аляксандр Мілінкевіч. Розныя палітыкі прыходзілі. Яны ўсе выдатныя людзі, фантастычныя, лепшыя прадстаўнікі Беларусі, але Беларусі патрэбны быў чалавек, з якім яны маглі б сябе атаясамліваць, быццам увасабляючы іхнія страхі, боль, сціпласць і асцярожнасць. І вось Святлана аказалася такім чалавекам. Яна аказалася ў слушным месцы, у слушны час, і воляй лёсу яе гэтая хваля вынесла, і яна захавала чалавечнасць. Вось гэтай чалавечнасці, эмпатычнасці не хапала ні лукашэнкаўцам, ні дэмакратычным сілам. З намі гаворыць просты чалавек, а зараз просты чалавек у палітыцы – гэта ж унікум.

РР: І вы назіраеце за Святланай, напэўна, гады два. Як гэты прагрэс развіваецца, гэта геаметрычная ці арыфметычная прагрэсія?

Франак Вячорка: Мне цяжка сказаць, таму што я яе кожны дзень бачу, кожны дзень камунікую. Таму змены адчуваюцца, напэўна, тым, хто звонку назірае. Але яна проста таленавіты чалавек, яна ўсё слухае, усё заўважае. Мне падабаецца, што ёй усё цікава, ёй цікава беларушчына.

Мне таксама было вельмі класна, што я мог падзяліцца тым, што мне самому падабаецца. Расказаць ёй пра гісторыю Беларусі, пра ВКЛ, БНР, пра нашы межы, пра Сталіна і Пуціна. Распавесці, падзяліцца тым, што мне важна. І яна ўсё гэта слухала. Для яе гэта новае, а для мяне класна і цікава гэта абмеркаваць з кімсьці.

Яна за гэтыя два гады, па-першае, многаму навучыла атачэнне, каманду, сама навучылася, але і мяне навучыла. Я вельмі ганаруся, і я бачу, што гэта проста талент. І яна, канешне, тое, што зрабіла з Беларуссю за апошнія два гады, гэта фантастычна. Я вось слухаю, і ў мяне аж сэрца замірае ад гонару за Беларусь.

РР: Змянілася і беларуская мова Ціханоўскай, слоўнікавы запас адчуваецца даволі багаты, хоць вы там і падказвалі крыху, але адчуваецца, што яна думае па-беларуску. Ёсць такое?

Франак Вячорка: Думае. Гэта ж жыве ў кожным беларусе. Кожны беларус падсвядома адчувае беларускую мову і словы. Мы ўсе па-расейску гаворым з беларускім акцэнтам, а ў яе гэта ад бабулі. Яна распавядала, што ёсць бабуля, якая гаварыла з ёй па-беларуску, яна мову чула ўсё дзяцінства, а потым былі гарадскія гады. У горадзе ўсе забываюць беларускую мову, горад выціскае, выцірае, выбівае беларушчыну. І ў яе тое самае было. Яна пабывала ў Гомелі, потым у Менску, і гэтая беларушчына ў яе забылася. А зараз яна вярнулася разам з атачэннем. Атачэнне стала беларускамоўным, яна чуе беларускую мову, яна гаворыць дасканала па-беларуску, ну, не хапае там пару словаў.

А вы паслухайце там любога міністра культуры, за 28 гадоў кіравання Лукашэнкі ніводзін так не ўмее, хіба толькі Павел Латушка гаворыць па-беларуску як свядомы чалавек. Так што гэта пытанне жадання вучыцца, жадання гаварыць.

Яна таксама казала, што ёй сорамна рабіць памылкі, але ж учора ўвесь дзень гаварыла па-беларуску.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array