Ізраіль адновіць прамыя кантакты з Расеяй



Новы міністр замежных спраў Ізраіля Элі Коэн заявіў, што зменіць палітыку МЗС адносна Украіны і расейска-ўкраінскай вайны. Пра гэта ён заявіў падчас цырымоніі інаўгурацыі, піша Haaretz.

Адзначаецца, што сёння, 3 студзеня, Коэн збіраецца пагаварыць па тэлефоне са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. Гэта будуць першыя перамовы міністраў замежных спраў Ізраіля і Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Паводле ягоных слоў, Ізраіль у любым выпадку працягне аказваць Украіне гуманітарную дапамогу. Аднак міністр адмовіўся каментаваць запыт Украіны на пастаўку сістэм супрацьпаветранай абароны.

Як вядома, папярэдні міністр замежных спраў Ізраіля Яір Лапід не выходзіў на сувязь з Лаўровым пасля пачатку расейскага ўварвання.

З пачатку вайны Ізраіль доўгі час устрымліваўся ад ваеннай дапамогі Украіне, абмежаваўся толькі гуманітарнай дапамогай.  Летась у кастрычніку ўлады Ізраіля заявілі, што краіна не будзе пастаўляць Украіне зброю. Пасля гэтага міністр абароны Ізраіля Бені Ганц зноў пацвердзіў, што яго краіна не будзе перадаваць Украіне сістэмы супрацьпаветранай абароны. У лістападзе мінулага  года СМІ паведамлялі, што Ізраіль дазволіў чальцам NATO пастаўляць Украіне зброю з ізраільскімі кампанентамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Array