Кіраўніца МЗС Францыі сустрэлася з Ціханоўскай
Міністарка Еўропы і замежных спраў Францыі Катрын Калона падчас афіцыйнага візіту ў Літву 30 сакавіка сустрэлася ў Вільні са Святланай Ціханоўскай. Па словах кіраўніцы французскай дыпламатыі, яна „захопленая мужнасцю” беларусаў.

„Францыя падтрымлівае беларускую дэмакратычную апазіцыю. У Вільні мне захацелася зноў убачыць спадарыню Святлану Ціханоўскую”, – адзначыла Калона.
Беларуская амбасада ў Парыжы, каментуючы сустрэчу Калоны з Ціханоўскай, заявіла, што французскія ўлады пазабягаюць любога дыялогу са сваімі грамадзянамі „па надзённых сацыяльных пытаннях”, але „вельмі хочуць сустрэцца з беларускімі злачынцамі, якія хаваюцца ў Літве і заклікаюць да гвалтоўнага звяржэння ўлады”.
„Беларусь заклікае Францыю паважаць асноўныя прынцыпы міжнароднага права і не ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў”, – гаворыцца ў каментары амбасады.