Лукашэнку ніхто не тэлефануе



Мала хто звярнуў увагу на тое, што днямі з беларускага боку была адкрытая беларуска-расейская мяжа. Гучыць дзіўнавата – адкрытая. З часоў падзелаў Рэчы Паспалітай з тэрыторыі сучаснай Беларусі пашпартнага кантролю з Расеяй не было. Хіба апошнюю чвэрць стагоддзя беларуская міліцыя пільнавала кантрабандыстаў. Але зусім нядаўна на мяжы зрабілі татальны пашпартны кантроль – падчас «вагнераўскага» мяцяжу ў Расеі. І вось мяжу досыць хутка адкрылі.

Тэлеграм-канал «Беларуская выведка» звяртае ўвагу на тое, што ўжо месяц як няма інфармацыі пра кантакты між Лукашэнкам і Пуціным.

У звычайнай сітуацыі такая стан рэчаў цалкам прымальны. У дзяржаваў існуюць міністэрствы замежных справаў, іх спецыялісты падтрымліваюць адносіны ў штотыднёвым ці нават штодзённым рэжыме. Не справа прэзідэнтаў часціць са ўзаемнымі званкамі.

Але апошнія мінімум тры гады Лукашэнка да Пуціна ездзіць як на працу, а тэлефанаванні і сапраўды частыя. Бо вайна. І Лукашэнка саўдзельнік. А яшчэ грошы. А грошы ў Пуціна.

Цікава будзе спраўдзіць версію «Беларускай выведкі» пра тое, што калі бліжэйшыя два-тры тыдні Лукашэнку з Крамля ніхто не патэлефануе, гэта будзе азначаць, што Лукашэнку будуць прыбіраць.

Як? Пуцін кэгэбэшнік, адпаведна бачыць свет праз прызму спецаперацый.

Таму, магчыма, ужо цяпер на розных узроўнях вядуцца перамовы з камандзірамі і кіраўнікамі другога звяна. Маўляў, у вас ёсць шанец рэзкага кар’ернага рыўка. Але без Лукашэнкі.

Гэта версія, паглядзім.

Але цалкам лагічным выглядае дапушчэнне, што адкрыццё мяжы – гэта свайго кшталту выбачэнне перад Пуціным. Маўляў, прабач, Валодзя, пагарачыўся, перагнуў палку.

Гэтак сама як і запуск на тэрыторыю Беларусі «вагнераўцаў». З вайсковага пункту гледжання – гэта як пужаць ката сасіскай. Ніхто ў NATO бандытаў не баіцца.

А вось прадэманстраваць Пуціну, што «я табе, Валодзя памагу ізбавіцца ад эціх нехарошых людзей», гэта цалкам сабе магчыма.

І тут мы бачым чарговы парадокс. Відавочна, што калі Лукашэнка ўводзіў кантроль на мяжы з Расеяй, ён хацеў адгарадзіць сябе ад прытоку людзей са зброяй. А не ўлічанай зброі па Расеі цяпер мусіць гуляць вельмі шмат.

Але ўрэшце сам сваімі рукамі запрасіў да сябе прафесійных бандытаў, гатовых выконваць любы загад. Для якіх Лукашэнка ніхто і не пра што.

Што з «вагнераўцамі» далей? Калі іх не плануюць выкарыстоўваць для правакацыі супраць Захаду ці Украіны, то куды? У Афрыку? Назад у Расею? А можа ў Менск – ахоўваць урадавыя аб’екты?

Пакуль мы назіраем пэўную паўзу ў разгортванні грамадска-палітычнай трагедыі ў Беларусі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя