Паўлюк Быкоўскі: Медыя павінны служыць людзям, а не кіраваць імі
Размова з палітычным аналітыкам Паўлюком Быкоўскім пра сітуацыю з незалежнымі беларускімі медыя. Хто іх павінен кантраляваць? І ці будуць яны ўвогуле кантралявацца?

РР: Вераніка Цапкала прапанавала падпарадкаваць незалежныя СМІ палітычным актарам. Вы напісалі ў Фэйсбуку пра гэта і дадалі: «Свежая ідэя». Напэўна гэта сарказм.
Паўлюк Быкоўскі: Па-першае, я, канешне, у Фэйсбуку завастрыў яе выказванне. У яе гэта выказванне больш абцякаемае. Вераніка Цапкала знаходзіцца на думцы, што незалежныя медыя насамрэч не з’яўляюцца незалежнымі. Што яны нейкім чынам кіруюцца. І прынамсі яна сказала, што будзе ствараць нейкую камісію, нейкую інстытуцыю, якая ацэніць кантэнт медыя, каб даказаць сваю думку. І разважаючы пра тое, як змяніць сітуацыю, яна стала казаць пра змены спосабаў фінасавання медыя, пры гэтым не разглядалася тое, што незалежныя медыя могуць быць медыя-бізнесам і самастойна сябе фінансаваць. Пастуліравалася тое, што грантаўская падтрымка з фондаў нейкіх праектаў медыя, гэта быццам бы падпарадкаванне медыя гэтым фондам. Хаця сістэма працуе зусім па-іншаму. І прапанавала, што трэба каб былі медыя, якія прадстаўляюць тую ці іншую палітычную сілу, і тады будзе ўсё зразумела. Мне падаецца, што гэтая пазіцыя ёсць цалкам хібная. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў мы ў дэмакратычным асяроддзі гэта абмяркоўвалі, што журналісты не з’яўляюцца абслугай палітычных актараў, палітычных партый, апазіцыі, дэмакратычнай апазіцыі. Яны выконваюць сваю функцыю. І калі нават ёсць медыя, якія знаходзяцца на пэўнай палітычнай пазіцыі, ці партыйнай пазіцыі, то гэта не значыць, што ўсе незалежныя медыя мусяць быць такімі, ці ўвогуле на гэта трэба арыентавацца. Прынамсі я ў свой час мусіў канспектаваць працу Леніна «Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура». Калі я прыходзіў у журналістыку, то ў Белтэлерадыёкампаніі былі шыльдачкі такія на дзвярах «Аддзел прапаганды». Успрымалася, што гэта не сродкі масавай інфармацыі, а сродкі масавай інфармацыі прапаганды. На той час лічылася, што медыя мусіць кіраваць людзьмі, а не служыць людзям. І гэта пазіцыя застаецца, напэўна, у галовах вельмі многіх людзей.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя
Array