Святлана Ціханоўская знаходзіцца з рабочым візітам у Бруселі



«Вайна Пуціна супраць украінцаў стала магчымай дзякуючы вайне Лукашэнкі з беларусамі». Пра гэта Святлана Ціханоўская заявіла студэнтам Каледжа Еўропы і Еўрапейскай дыпламатычнай акадэміі.

«Барацьба з тыраніяй не абмяжоўваецца межамі. Калі Ўкраіна пераможа, але Лукашэнка будзе ў Менску, усё роўна застанецца сталая пагроза Ўкраіне і астатняй Еўропе. Толькі вызваленне беларусаў ад тыраніі прывядзе да сапраўднай перамогі, справядлівасці, дэмакратыі і свабоды ва Усходняй Еўропе. Гэтая барацьба ня скончыцца, пакуль Беларусь не стане свабоднай, дэмакратычнай краінай», – адзначыла Ціханоўская.

Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю: «Беларускі супраціў мужна змагаецца далей. Беларускія валанцёры дапамагаюць украінскім сілам інфармаваннем іх аб перамяшчэнні расейскіх ваенных канвояў і самалётаў. 26 лютага на ваеннай авіябазе пад Менскам беларускія партызаны знішчылі вельмі важны расейскі баявы самалёт. Гэты акт супраціву ўжо параўноўваюць з патапленнем крэйсера „Масква”».

Дэмакратычная лідарка Беларусі знаходзіцца з рабочым візітам у бельгійскай сталіцы з 28 лютага па 2 сакавіка. 1 сакавіка Ціханоўская адкрые місію «Дэмакратычнай Беларусі» ў Бруселі.

Беларускае Радыё Рацыя

Array