Сяргей Бесараб: Мы зараз вяртаемся ў 1996 год, калі Беларусь пазбаўлялася ядзернай зброі
Расея плануе размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Уладзімір Пуцін заявіў, што сховішча для ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі будзе завершанае да ліпеня 2023 года. Што такое ТЯЗ (тактычная ядзерная зброя)? Наколькі гэта сучасны і эфектыўны від зброі? Якая разбуральная сіла ў ТЯЗ? Чым пагражае жыхарам Беларусі з’яўленне ТЯЗ? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб у размове з Міколам Бянько.

РР: Якое стаўленне ў вас як у грамадзяніна і навукоўца да з’яўлення тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі?
Сяргей Бесараб: Канешне, у мяне вельмі негатыўнае стаўленне да гэтай з’явы. Гэта дзікунства. Я чалавек, які вырас у безядзернай краіне, у якой не было ядзернай зброі. У 1996 годзе з Беларусі адправіўся ў Расею цягнік з апошнімі ядзернымі боегалоўкамі «Топаль». Гэта былі асноўныя ядзерныя боезапасы, якія захоўваліся ў Беларусі. Ён паехаў з чыгуначнай станцыі Яцукі Дзятлаўскага раёна. Гэта фактычна мая малая радзіма. Таму я пра гэта чытаў, я пра гэта ведаў. У 1996 годзе Беларусь стала безядзернай краінай. І атрымліваецца, што мы зараз вярнуліся ў 1996 год. Гэта, дарэчы, пераломны год для Беларусі, у тым ліку і адносна ядзернай зброі. І сёння мы вярнуліся ў тую кропку, з якой пачыналі. І гэта для мяне, канешне, вельмі непрыемны факт. Справа ў тым, што я, як навуковец, радыяцыйны хімік, я да рацыяцыі адношуся з вялікай павагай. Гэта ўнікальны інструмент у шматлікіх прыкладаннях, кшталту медыцыны, ці космаса, энергетыкі. Яе няма чым замяніць. Радыяцыя патрабуе павагі, але ўсе мае рацыяцыйныя артыкулы, усе мае выказванні наконт радыяцыі, іх асноўная мэта ў тым, каб сусветная моц была толькі ў руках тых, хто яе любіць і глыбока ў ёй разбіраецца, разумее гэтую тэму. Таму што з дапамогай радыяцыі на самой справе можна рабіць неверагодныя рэчы. І я хачу, каб мая мара, каб радыяцыя была толькі ў руках адмыслоўцаў, не палітыкаў, ці нейкіх дзікуноў, а толькі адмыслоўцаў і тых, што яе любіць.
РР: Ці можаце патлумачыць простымі словамі, што такое тактычная ядзерная зброя і чым яна адрозніваецца ад стратэгічнай?
Сяргей Бесараб: На сённяшні дзень няма ніякіх міжнародных дакументаў, нормаў, дзе было б апісана, вось гэтая ядзерная зброя тактычная, вось гэтая стратэгічная. Таму ўсе карыстаюцца нейкімі ўмоўнымі вызначэннямі, якія адрозніваюцца ад спецыяліста, да спецыяліста. Са стоадсоткавай дакладнасцю можна называць тактычнай зброяй толькі два ўзоры боепрыпасаў: гэта ядзерныя супрацьракеты, гэта паветраная абарона, каб збіваць ядзерная боегалоўкі, ці глыбінныя бомбы, якія прызначаны для знішчэння ядзерных падводных лодак. Усё астатняе ўмоўна можа быць стратэгічнай, або тактычнай ядзернай зброяй. Але часцей самы распаўсюджаны падыход – гэта падзел па магутнасці. То бок тактычная ядзерная зброя – гэта тая зброя, якая выкарыстоўваецца для выканання нейкіх тактычных задач, невялікіх, напрыклад, падчас бою для знішчэння нейкіх танкавых калон, ці калон вайскоўцаў, ці знішчэнне нейкіх інжынерных збудаванняў. А стратэгічная зброя – гэта зброя, якая выкарыстоўваецца для нападу, напрыклад, на іншы кантынент. Тактычная зброя, гэта невялікая магутнасць – кілатоны і дзясяткі кілатон і невялікая адлегласць, на якую яе можна перамясціць. А стратэгічная ядзерная зброя – гэта ўжо размова ідзе пра сотні кілатон, пра мегатоны. І адлегаласці, на якія можа перамяшчацца, там ужо размова ідзе пра тысячы кіламетраў.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя