Тэма дня: Што рабіў амбасадар Украіны Ігар Кізім у Беларусі пасля 24 лютага 2022 году?



Давайце паразважаем: што больш балючае – уварванне інтэрвентаў ці прыём крымінальніка на афіцыйным узроўні?

Нагадаю, што ад 24 лютага 2022 году Расея вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны.

Ключавое слова «поўнамаштабная». Бо вайна пачалася ў 2014 годзе з акупацыі Крыму і частак Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны.

Усе, хто сачыў за драмай акупацыі, памятаюць кадр з Данецку, калі мужчына з закрытым тварам і з аўтаматам у руках крычыць цывільным грамадзянам: «За поребрик, за поребрик!»

«Поребрик» – спецыфічнае слова гораду Санкт-Пецярбургу, якое азначае бардзюр. То бок, мужчына  з аўтаматам у руках спаліўся – выдаў, што ён з Расеі.

Хто захопліваў Данецк відавочна – расейцы. А хто не супрацьстаяў? Такія як Дзяніс Пушылін. Крымінальнік са стажам, міжнародна прызнаны тэрарыст, «шасцёрка» Крамля.

Пушылін у статусе начальніка ўтварэння пад назвай «ДНР» быў у Беларусі акурат праз некалькі месяцаў пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе. І афіцыйны Кіеў свайго амбасадара не адклікаў. А цяпер пасля сустрэчы з Лукашэнкам адрэагаваў.

Таму вернемся да пытання, пазначанага вышэй, што больш балюча для афіцыйнага Кіева – сотні ракет і тысячы забітых, ці сустрэча Пушыліна з Лукашэнкам?

Па логіцы ракеты і забітыя больш важная справа. Але калі адбываецца бурліва рэакцыя на «блаблабла» двух недатыкальных у горшым сэнсе слова палітыкаў, то, відаць, мы назіраем вялікія зрухі пад дыпламатычным дываном.

Што рабіў амбасадар Украіны Ігар Кізім у Беларусі пасля 24 лютага 2022 году? Бо калі вы кажаце «вайна», значыць амбасадара быць не можа. А калі не вайна, то чаму не сустракаецеся са Святланай Ціханоўскай ці іншымі сімваламі дэмакратычнага руху Беларусі?

І тут мы зноў вяртаемся да відавочных гульняў адміністрацыі Уладзіміра Зяленскага з Лукашэнкам.

Ракеты паляцелі, а гандаль Украіны і Беларусі працягваўся. Адкрывалася страшная праўда пра Бучу, а амбасадар Ігар Кізім заставаўся ў Менску. І вось 19 красавіка 2023 году мы чытаем заяву МЗС Украіны: ««Лічым …чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, накіраваным на падтрымку дзяржавы-агрэсара РФ».

Афіцыйны Кіеў мае дадзеныя выведкі ЗША і краін NATO. Калісьці гэтая выведка казала пра блізкую вайну. Не паверылі. Цяпер, відаць, мусяць паверыць, што роля рэжыму Лукашэнкі ў гэтай вайне яшчэ не скончаная.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя