Цiханоўская на форуме ў Давосе: Я ганаруся беларускiм бiзнесам!



Сёння, 19 студзеня, падчас Міжнароднага эканамічнага форума ў Давосе ўпершыню адбылася панэльная дыскусія, прысвечаная выключна пытанням эканамічнага развіцця Беларусі і беларускага бізнесу. Сустрэчу арганізавалі каманда Святланы Ціханоўскай у партнёрстве з Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой (ABBA), пры падтрымцы Польскага дому ў Давосе. 

На сустрэчы абмяркоўвалicя пытаннi, якімі могуць быць будучыя эканамічныя рэформы ў дэмакратычнай Беларусі, як падтрымаць сумленны беларускі бізнес ужо сёння ва ўмовах міжнародных санкцый, а таксама ўздымалiся існуючыя  праблемы беларускix бізнесменаў за мяжой.

Гэтыя пытанні разам са Святланай Ціханоўскай абмяркоўвалi Марэк Дытл (Marek Dietl), кіраўнік Варшаўскай фондавай біржы (GPW), Алесь Аляхновіч, віцэ-прэзідэнт асацыяцыi АВВА  і эканамічны дарадца Ціханоўскай,  дарадца АВВА Ганна Маціеўская, а таксама Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай. У якасці мадэратара сустрэчы выступіў Марэк Тэйхман (Marek Tejchman), намеснік галоўнага рэдактара газеты Dziennik Gazeta Prawna.

У сваім выступленні Святлана Ціханоўская вызначыла тры галоўныя праблемы беларускага бізнесу ў Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах: візавыя абмежаванні для бізнесоўцаў, цяжкасці ў адкрыцці банкаўскіх рахункаў і ўскладнены доступ да крэдытных рэсурсаў. Святлана папрасіла дзейнай дапамогі ад польскіх і еўрапейскіх дзелавых колаў і адзначыла, што ганарыцца беларускім бізнесам, і зробіць усё, каб тое ж самае адчувалі самі беларускія бізнесоўцы, у якой бы частцы свету яны не знаходзіліся.

Раней, з мэтай вырашэння праблем беларускага бізнесу, кіраўніцтва ABBA  правялі ў Давосе некалькі сустрэч з топ-менеджарамі вядучых польскіх банкаў і такім чынам працягнулі дыялог, накіраваны на вырашэнне праблем банкаўскага абслугоўвання ў Польшчы. Бакi дамовiлiся разам праводзіць ацэнку фінансавых патрэбаў беларускага бізнесу ў Еўропе, каб выпрацаваць механізмы для яго крэдытавання ў Польшчы і краінах Балтыі. Галоўная мэта – пераканаць еўрапейскія банкі і фінансавыя ўстановы ў тым, што беларускі бізнес мае вялікі патэнцыял для росту, а таму патрабуе доступ да пазыковых сродкаў для свайго развіцця нароўні з іншымі еўрапейскімі кампаніямі.

Таксама ў менеджменту ABBA напярэдаднi ў Давосе адбыўся шэраг нефармальных сустрэч з лідарамі страхавога рынку Польшчы і міжнароднымі кансалтынгавымі кампаніямі. З віцэ-кіраўніком Банку развіцця Польшчы (BGK) яны паразмаўлялі пра стварэнне гарантыйнага фiнансавага фонду для беларускага бізнесу ў Еўразвязе, і гэтая дыскусiя будзе працягнутая.

Увогуле, падчас форума дэлегацыi АВВА давялося нефармальна сустрэцца з Прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам (Andrzej Duda), Прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім (Mateusz Morawiecki), Міністаркай фінансаў Польшчы Магдаленай Жэчкоўскай (Magdalena Rzeczkowska) і галоўнай эканамісткай Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця Бятай Яворцік (Beata Javorcik). Гэтыя нефармальныя сустрэчы прынеслi новыя карысныя кантакты для далейшага вырашэння праблем беларускага бізнесу.

Паводле прэс-рэлізу

Array