Ціханоўская заклікае стварыць калектыўны орган кіраўніцтва (першы дзень канферэнцыі) (абноўлена)



Павел Латушка: – Адбыліся кансультацыі, кансультацыі вельмі актыўна праходзілі, асабліва апошнія тры дні, сярод розных ініцыятываў. І мы прыйшлі даа агульнай згоды аб неабходнасці стварэння пераходнага аб’яднанага кабінету – органа выканаўчай улады Беларусі.

Вадзім Пракоп’еў: – Я думаю, што кабінет Святланы Ціханоўскай выйдзе з канкрэтнай ініцыятывай. Ці будзе мяне задавальняць прынцыповая схема такога ўраду – гэта пабачым. Я баюся, што слова «ўрад» зноў ніхто ў голас не вымавіць, нібыта гэта нейкая забароненае слова. Гэтага я баюся. А тое, што нейкі рух будзе, я ўжо адчуваю па атмасферы, і да мяне даходзяць чуткі, што нейкія кабінетныя тэмы абмяркоўваюцца.

Паводле Вадзіма Пракоп’ева і Паўла Латушкі, ідзея стварэння ўраду мае быць агучаная ў час другога дня канферэнцыі.

***

“Мы павінны адстойваць само існаванне нашай краіны” – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

У Вільні пачалася Канферэнцыя Новая Беларусь, мэта якой з’яўляецца спыненне спрэчак i супольная праца. Двухдзённны форум адкрыла лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская, якая падкрэслівала, што асабліва сёння беларусам неабходна адзінства.

Абараніць свой народ немагчыма ў спрэчках, або на канферэнцыях. Нацыя будуецца ў цяжкія часы. І абараніць яе можна толькі калі кожны і кожная возьмуць адказнасць за яе лёс. Адчуюць прыналежнасць да сваёй краіны. Ведайце, што якімі б рознымі мы не былі, нашая мэта – рабіць адзін аднаго мацнейшымі.

На канферэнцыі прысутнічае некалькі соцень удзельнікаў – прадстаўнікоў розных палітычных і грамадскіх плыняў.

***

Офіс Святланы Ціханоўскай 8–9 жніўня ладзіць у Вільні канферэнцыю, на якой плануе абмеркаваць вострыя пытанні і абмеркаваць далейшую стратэгію беларускай апазіцыі.

Святлана Ціханоўская падчас выступу заявіла пра неабходнасць стварыць калектыўны орган кіраўніцтва і ўхвалення рашэнняў для дасягнення мэтаў новай Беларусі:

–   Як бы мяне не называлі – хатняй гаспадыняй, брытанскай каралевай, засланым агентам гэта ні ў якім разе не зменіць жыццё майго суседа па пляцоўцы. Менавіта таму наша з вамі задача – стварыць працоўнае аб’яднанне, не дазволіць рэжыму, прапагандзе і асабістым крыўдам раз’яднаць нас і даць апанентам повад для трыумфу. І сёння, і кожны наступны рабочы дзень сумеснай працы кожнаму з нас прыйдзецца ісці на кампрамісы.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што неабходна разам зрабіць усё, каб вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў, правесці сумленныя і дэмакратычныя выбары, адстаяць незалежнасць Беларусі і вывесці з краіны замежныя войскі, адхіліць нелегітымны рэжым ад улады і забяспечыць, каб у краіне працавалі дэмакратычныя інстытуты.

***

У Вільні стартуе сёння двухдзённая канферэнцыя „Новая Беларусь”, якую ладзіць Офіс Святланы Ціханоўскай „Мы будзем размаўляць адно з адным адкрыта, паказваць вынікі працы, спрачацца пра рэальныя планы”, — пішуць арганізатары.

Сёння з уступным словам выступіць Святлана Ціханоўская (пачатак а 12-й гадзіне паводле беларускага часу), запланаваныя дыскусіі, у тым ліку і пра тое, якая рэарганізацыя патрэбная дэмакратычным сілам (будзе анлайн-трансляцыя). Яе можна будзе глядзець тут.

Канферэнцыя адбудзецца на фоне „разборак” у іх асяроддзі. Некаторыя палітыкі крытыкуюць працу Офіса Святланы Ціханоўскай і патрабуюць фінансавы аўдыт яго дзейнасці.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў сваім звароце прапануе „не спаборнічаць у стратэгіях, а прыняць палітычнае валявое рашэнне” — стварыць „пераходны Кабінет, як калегіяльны орган нацыянальнай улады Рэспублікі Беларусь, і аб’яднацца вакол гэтага рашэння”.

Беларускае Радыё Рацыя

Array