Яраслаў Грыгор’еў: Дэмакратычныя сілы павінны яднацца
Каардынацыйная рада сёлета сутыкнулася з шэрагам выклікаў: сыход Паўла Латушкі з прадстаўнічай пасады, выбранне новага спікера, рознагалоссі па перамовах з рэжымам Лукашэнкі і фармаванне 8 фракцый. Агулам у радзе 107 чальцоў, плюс яшчэ 8 чальцоў знаходзіцца ў турме. На пляцоўцы сабраліся прадстаўнікі розных палітычных сілаў, Офісу Святланы Ціханоўскай, НАУ, НДА, мэдыяў, недзяржаўных і праваабарончых арганізацый.

Вольга Сямашка пагутарыла з сябрам Каардынацыйнай рады, прадстаўніком руху „Супраціў” Яраславам Грыгор’евым пра тое, як працуе і куды рухаецца Каардынацыйная рада зараз, як палягае праца з беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне, ці мажлівы перамовы з рэжымам Лукашэнкі наконт вызвалення палітвязняў і якая галоўная мэта ўсіх беларусаў у выгнанні:
– Я сябра Каардынацыйнай рады, дэлегат ад руху „Супраціў”. Я займаюся там пытаннямі Украіны, для нас прыярытэтна, каб добраахвотнікі мелі добрую сацыяльную базу, юрыдычную і прававую падтрымку, а таксама іх рэабілітацыя пасля вяртання ў іншыя краіны Еўропы. Калі ўмоўна добраахвотнік прыязджае на адпачынак у Польшчу, то безумоўна ён павінен мець магчымасць псіхалагічнай рэабілітацыі, медычнай. Гэта адзін з прыярытэтных накірункаў. Па-другое, гэта людзі на зямлі. Для нас важна, каб нашыя паплечнікі, а таксама людзі гатовыя да актыўнага супраціву, каб яны мелі гарантыі, што за свой сілавы супраціў, яны не панясуць адказнасці ў будучай Беларусі. Гэта недапушчальна, бо яны змагаюцца за нашу свабоду і ніякага пакарання за гэта не можа быць. Трэцяе, я прадстаўнік „Супраціву” па моладзеваму накірунку. Гэта тое, над чым я засяроджваюся больш за ўсё, бо па Украіне я насамрэч працую па-за межамі Каардынацыйнай рады. Датычна моладзі, зараз ствараецца новая моладзевая камісія, асноўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца „Моладзевы блок” і „Задзіночанне беларускіх студэнтаў”. Плануецца, што яе мэтамі будзе каардынацыя моладзевых суполак, падтрымка палітзняволеных, падтрымка рэпрэсаваных студэнтаў. Таксама важна падкрэсліць, што ўвогуле рух „Супраціў” падтрымлівае Каардынацыйную раду. Мы на тых пазіцыях, што дэмакратычныя сілы павінны зараз яднацца ў адзін склад.
Пасля верыфікацыі і самапрэзентацыі кандыдата альбо кандыдаткі на Агульным пасяджэнні Каардынацыйнай Рады запускаецца адкрытае галасаванне, на аснове якога прымаецца рашэнне аб кааптацыі новых дэлегатаў і дэлегатак.
Беларускае Радыё Рацыя