„Барысфен” трымае першае месца
Лідар баскетбольнага чэмпіянату Беларусі магілёўскі „Барысфен” святкаваў 19-ю перамогу і працягвае ўзначальваць турнірную табліцу. У сваім 22-м паядынку магіляўчане ўпэўнена перайгралі на хатняй арэне сталічны „Імпульс-БДУІР” – 94:63. Дзякуючы гэтаму поспеху ў падначаленых Андрэя Крываноса зараз 41 ачко. На другой пазіцыі ў турнірнай табліцы знаходзіцца „Гродна-93”, у якога 38 заліковых балаў, у актыве віцебскага „Рубона” 34 ачкі. Пераследнікі „Барысфена” сустрэнуцца паміж сабой 18 лютага ў Гародні.
Шаранговіч дапамог „Нью-Джэрсі” адолець хакеістаў „Каламбуса”
Беларускі нападнік „Нью-Джэрсі Дэвілз” Ягор Шаранговіч дапамог сваёй камандзе адолець на выездзе „Каламбус Блю Джэкец” у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. Беларус адкрыў лік на 11-й хвіліне, а ў выніку „д’яблы” выйгралі з мінімальнай перавагай – 3:2, прычым пераможную шайбу абаронца Раян Грэйвс закінуў за паўтары секунды да заканчэння трэцяга перыяду. У гэтай гульні Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 16 хвілін, атрымаў дзве хвіліны штрафу і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці 0. Цяпер хакеісты „Нью-Джэрсі” займаюць 3-е месца ў турнірнай табліцы Усходняй канферэнцыі, набраўшы 75 ачкоў.
Сасновіч і Аляксандрава выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду тэніснага турніру ў горадзе
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч і расейка Кацярына Аляксандрава выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру ў катарскай Досе з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У матчы 1/8 фіналу беларуска-расейскі дуэт перамог амерыкана-нідэрландскі тандэм Дэзірэ Краўчык / Дэмі Схюрс – 7:5, 6:3. У гульні за трапленне ў паўфінал Сасновіч і Аляксандрава сустрэнуцца з кітайска-расейскай парай Чжаасюань Ян / Вера Званарова.
„Дынама” завершаць выязную серыю матчам з „Барысам”
Хакейнае менскае „Дынама” сёння правядзе чарговы выязны паядынак у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Апошнім супернікам „зуброў” у гасцявым турнэ стане „Барыс” з Астаны, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка. Абодва калектывы працягваюць змагацца за пуцёўкі ў плэй-оф ад сваіх канферэнцый. За чатыры матчы да канца рэгулярнага чэмпіянату „Дынама” размяшчаецца на 8-м месцы Захаду, апярэджваючы „Спартак”, які ідзе 9-м, на тры ачкі. Бягучая выязная серыя складаецца для менчан няўдала: наша каманда прайграла тры папярэднія матчы.
Наступны чэмпіянат свету сярод клубаў пройдзе ў снежні 2023 года ў Саудаўскай Аравіі
Саудаўская Аравія прыме свой першы буйны турнір пад эгідай ФІФА. Блізкаўсходняя дзяржава, якая рыхтуе заяўку на сумеснае правядзенне чэмпіянату свету па футболе 2030 года разам з Егіптам і Грэцыяй, аднагалосна выбрана Саветам ФІФА для правядзення клубнага чэмпіянату свету з 12 па 22 снежня 2023 года.
Беларускае Радыё Рацыя