Данііл Боўраш уваходзіць у топ-6 снайпераў галоўнай юніёрскай лігі Квебека



„Руэн-Норанда” ў дамашнім паядынку адолела „Монктан” — 3:2 (1:0, 1:2, 1:0) у рэгулярным чэмпіянаце галоўнай юніёрскай лігі Квебека (QMJHL). Беларускі нападнік „Руэн-Наранды” Данііл Боўраш зраўняў лік на 30-й хвіліне, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „+1” і прызнаны першай зоркай матчу.

У 22 сустрэчах рэгулярнага чэмпіянату на рахунку Боўраша 24 (16+8) дзейсных бала. Ён — найлепшы бамбардзір каманды і ўваходзіць у топ-6 снайпераў усёй лігі, паведамляе ФХБ.

„Флінт” Дзмітрыя Кузьміна ў гасцях адолеў „Лондан Найтс” (6:4) у рэгулярным чэмпіянаце хакейнай лігі Антарыё (OHL). Беларускі абаронца „Флінта” асіставаў пры першым узяцці брамкі, а таксама вызначыўся закінутай шайбай у большасці. Ён быў прызнаны другой зоркай матча. Усяго ў гэтым сезоне на рахунку Кузьміна 17 (3+14) набраных балаў у 20 гульнях.

„Кінгстан” у серыі пасляматчавых булітаў аказаўся мацнейшым за „Грэйхундс” (5:4 ПБ). Беларускі галкіпер „Кінгстана” Іван Жыгалаў адбіў 44 кідкі і быў прызнаны першай зоркай матчу. У гэтым сезоне варатар згуляў у 13 матчах і заваяваў з камандай пяць перамог.

Ігар Кавалевіч дыскваліфікаваны на пяць матчаў за крытыку судзейства

Галоўны трэнер гарадзенскага „Нёмана” Ігар Кавалевіч па выніках паседжання Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях (КДК) БФФ атрымаў пакаранне за крытыку судзейства па выніках матча 30-га тура чэмпіянату краіны супраць магілёўскага „Дняпра”. Згодна з рашэннямі Камітэта, Кавалевіч выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічынь, а таксама прапусціць пяць матчаў сваёй каманды.

Ірына Шымановіч не змагла выйсці ў паўфінал турніру ў Мадрыдзе

Ірына Шымановіч (N344 ВТА) не змагла выйсці ў паўфінал турніру ў Мадрыдзе. На стадыі 1/4 фіналу беларуска ў двух сэтах саступіла гаспадыні спаборніцтваў Алене Бальшовай Задойнавай — 2:6, 2:6.

Тоні Кроос адмовіўся ад пераходу ў „Манчэстэр Сіці”

Паўабаронца мадрыдскага „Рэала” Тоні Кроас паведаміў прадстаўнікам „Манчэстэр Сіці”, што не плануе пераходзіць у англійскую каманду. Раней паведамлялася, што „Манчэстэр Сіці” прапанаваў кантракт 32-гадоваму немцу з заробкам 14 мільёнаў еўра за год. Кроос правёў за „Рэал” 383 матчы, забіў 26 мячоў і аддаў 87 дзейсных перадач. Яго пагадненне з мадрыдскім клубам заканчваецца ў чэрвені 2023 года.

Паўаўтаматычнае вызначэнні афсайду на ЧС будзе больш хуткім і дакладным

П’ерлуіджы Каліна распавёў, што вызначэнне афсайдаў на ЧС-2022 будзе хутчэй і дакладней. Паўаўтаматычная сістэма ВАР дапаможа прымаць рашэнні нават па самых складаных момантах хутчэй, чым папярэдняя сістэма, а трохмерная анімацыя эпізоду будзе паказана для балельшчыкаў на стадыёне і па тэлебачанні. Дванаццаць камер на кожным стадыёне будуць адсочваць 29 кропак на целе кожнага гульца, а датчык усярэдзіне гульнявога мяча будзе пасылаць дадзеныя ў аператыўны штаб ВАР 500 раз у секунду, што дазволіць з высокай дакладнасцю вызначыць, калі быў зроблены пас.

Беларускае Радыё Рацыя