ЧС. Францыя першай выйшла ў плэй-оф



Зборныя Францыі і Даніі на мінулым чэмпіянаце згулялі паміж сабой тактычную нулявую нічыю – 0:0. На гэтым жа першынстве ўсё было вельмі сур’ёзна – скандынавам амаль не было розніцы паміж нічыёй і паразай, а „трохкаляровых” перамога адразу выводзіла ў плэй-оф.

Сустрэча прайшла на высокім роўні і ўрэшце завяршылася вікторыяй чэмпіёнаў свету. Асноўныя падзеі разгарнуліся ў другім тайме. Лідар атакі Францыі Кіліян Мбапэ паспяваў усюды і ўрэшце з дапамогай рыкашэту адкрыў лік (30-ы гол за зборную). Датчане не зламаліся і досыць хутка аднавілі парытэт – прыгожы гол запісаў на свой рахунак Андрэас Крыстэнсен. І ўсё ж удача на гэты раз была на баку ва ўсіх сэнсах „трохкаляровых”. Якраз Мбапэ ўдала падставіўся бокам пад перадачу з правага флангу – і ад яго мяч адскочыў у сетку. Гэта быў ужо 3-і гол Мбапэ на турніры і ажно 7-ы на чэмпіянатах свету. Зазначым таксама, што Францыя ўзяла рэванш у Даніі за дзве нядаўнія паразы ў Лізе нацый.

Францыя – Данія – 2:1 (Кіліян Мбапэ, 61, 86; Андрэас Крыстэнсен, 68)

У ранішнім матчы гэтай групы Аўстралія дамаглася доўгачаканай перамогі на мундыялях. Няўдалая серыя „соккеруз” абарвался ў паядынку з „арламі Карфагена”. Аўстралійцы выйшлі наперад пасля ўдалага прымянення галавы Мітчэла Дзюка, а потым гулялі на ўтрыманне, не даючы асаблівых шанцаў тунісцам. Вельмі надзейна дзеіў на браме і галкіпер аўстралійцаў Мэцью Раян.

Туніс – Аўстралія – 0:1 (Мітчэл Дзюк, 23)

Становішча пасля двух тураў у групе D: 1. Францыя – 6 ачкоў, 2. Аўстралія – 3, 3. Данія – 1, 4. Туніс-1.

30 лістапада. Аўстралія – Данія, Туніс – Францыя.

Усе зборныя маюць шанцы на выхад „наверх”, пытанне толькі ці будуць гуляць напоўніцу ў апошнім туры падначаленыя Дзідзье Дэшама. Даніі патрэбная толькі перамога ў апошнім спатканні.

Беларускае Радыё Рацыя