Футбалісты „Пары Сен-Жэрмэн” і „Порту” прабіліся ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў




Пасля паядынкаў заключнага тура групавога этапа сталі вядомы ўсе 16 удзельнікаў плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў. З групы F услед за дортмундскай „Барусіяй” у 1/8 фіналу прабіўся французскі „Пары Сен-Жэрмен”, які завяршыў турнір гасцявой нічыёй з нямецкім клубам – 1:1. Англійскі „Ньюкасл” саступіў на сваім полі італьянскаму „Мілану” – 1:2. Італьянскі клуб працягне выступы ў Лізе Еўропы. У квартэце Н другую пуцёўку ў накаўт-раўнд здабылі футбалісты партугальскага „Порту”, якія перамаглі ўкраінскі „Шахцёр” – 5:3. Лідэр гэтага квартэта іспанская „Барселона” сенсацыйна прайграла на выездзе бельгійскаму „Антвэрпэну” з лікам 2:3, але ўсё ж заняла першае месца ў групе.

Раней у 1/8 фіналу галоўнага клубнага турніру Еўропы выйшлі англійскія „Арсенал” (Лондан), „Манчэстэр Сіці”, іспанскія „Атлетыка” (Мадрыд), „Барселона”, „Рэал” (Мадрыд), „Рэал Сосьедад” (Сан- Себасцьян), нямецкія „Баварыя” (Мюнхен), „Барусія” (Дортмунд), „Лейпцыг”, італьянскія „Лацыё” (Рым), „Інтэр” (Мілан), „Напалі”, нідэрландскі ПСВ (Эйндховен) і дацкі „Капенгаген”
Лёсаванне 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў адбудзецца 18 снежня ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне.

Пякарскі, Стасяловіч, Скамарошка атрымалі нейтральны статус

Беларускія плыўцы Рыгор Пякарскі, Віктар Стасяловіч і Руслан Скамарошка і трэнеры Алена Малюска, Ігар Макееў, Марк Закутнеў, Сяргей Раманоўскі, а таксама лекар Аляксандр Шулякоўскі атрымалі магчымасць выступаць на міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе. Раней яго атрымалі Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко і Анастасія Куляшова, а таксама галоўны трэнер Андрэй Ліпніцкі.

Беларускія хакеісты пачынаюць абарону тытула на Кубку Першага канала

У Лядовым палацы Санкт-Пецярбурга стартуе традыцыйны пераднавагодні турнір па хакеі – Кубак Першага канала, які праводзіцца штогод у другой палове снежня з 1967 года. Упершыню на гэты турнір, які тады яшчэ называўся „Прыз Вестак”, зборная Беларусі была запрошана ў 1993 годзе. У дэбютным для сябе розыгрышы нашыя хакеісты згулялі ўнічыю з Канадай і саступілі французам, расейцам і шведам. Праз 29 гадоў беларуская каманда вярнулася на Кубак Першага канала і стала яго ўладальніцай, абыграўшы Казахстан 4:1 і Расію па булітах 5:4.
Абараняць тытул у Санкт-Пецярбург зборная Беларусі адправілася пад кіраўніцтвам Канстанціна Кальцова, які замяніў галоўнага трэнера нацыянальнай каманды Дзмітрыя Квартальнава, які засяродзіўся на працы ў мінскім „Дынама”. У беларускім складзе на турнір – 28 хакеістаў, сярод якіх 14 пераможцаў леташняга розыгрышу.

Беларускі гросмайстар Лазавік стаў восьмым у фінале Тура чэмпіёнаў па шахматах

У канадскім Таронта працягваецца фінал прэстыжнага міжнароднага турніру па шахматах Champions Chess Tour 2023. У фінальны турнір адабраліся восем гросмайстраў, якія паказалі лепшыя вынікі ў сезонных этапах Тура чэмпіёнаў. У гэты лік увайшоў і 17-гадовы беларускі шахматыст Дзяніс Лазавік. У сямі сустрэчах Дзяніс Лазавік святкаваў адну перамогу (над Максімам Ваша-Лагравам), заняў у выніковай табліцы восьмае месца і ў плэй-оф не трапіў. Паўфіналістамі турніру сталі Уізлі Со, Магнус Карлсэн, Фабіяна Каруана і Надзірбек Абдусатараў.

Беларускае Радыё Рацыя