ІІХФ: чэмпіянат свету замест Санкт-Пецярбурга пройдзе ў Рызе і Тампэрэ



Міжнародная федэрацыя хакея з шайбай (IIHF) прыняла рашэнне правесці чэмпіянат свету 2023 года ў фінскай Тампэрэ і латышскай Рызе. „Кангрэс IIHF ухваліў сумесную заяўку Фінляндыі і Латвіі на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2023 года замест Санкт-Пецярбурга пасля таго, як у Расеі былі адкліканыя правы на правядзенне турніру”, – гаворыцца ў паведамленні.

Фота: globallookpress.com

Таксама былі абраныя месцы правядзення чэмпіянатаў свету 2024, 2025 і 2026 гадоў. Так першынство свету ў 2024 годзе прымуць чэшскія Прага і Астрава (спаборніцтва пройдзе з 10 па 26 мая), у 2025 годзе – шведскі Стакгольм і дацкі Хернінг (9-25 мая), а ў 2026 годзе – швейцарскія Цюрых і Фрыбург. Міжнародная федэрацыя хакея канстатавала, што перанесла ЧС з Санкт-Пецярбурга па меркаваннях бяспекі.

Яўген Аксянцюк падпісаў кантракт з „Амурам”

Беларускі нападаючы Яўген Аксянцюк працягне кар’еру ў хабараўскім „Амуры”. Пагадненне з маладым форвардам разлічана на адзін сезон і носіць двухбаковы характар, паведамляе прэс-служба клуба. Мінулы сезон хакеіст правёў у камандах сістэмы „Далас Старз”. У AHL згуляў 8 матчаў і набраў 4 ачкі (2+2), у ECHL — 40 матчаў і 34 дзейсныя балы (19+15).

У НБА не будуць патрабаваць абавязковай вакцынацыі гульцоў

НБА не будзе патрабаваць абавязковай вакцынацыі ад каронавіруса ў новым сезоне, паведамляе Yahoo! Sports. У мінулым сезоне не было абавязковай вакцынацыі для гульцоў, але для ўсіх супрацоўнікаў вакцынацыя была абавязковай мерай. Тым не менш, у гарадах, дзе гуляюць каманды, могуць быць дзейнічаць свае правілы наконт вакцынацыі, устаноўленыя ўладамі.

Беларускім спартоўцам заканадаўча забаранілі рабіць стаўкі на спаборніцтвы, у якіх яны ўдзельнічаюць

Беларускім спартоўцам забаранілі ставіць на вынікі спартовых падзей, у якіх яны ўдзельнічаюць. Змяненне закона „Аб фізічнай культуры і спорце” апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Прымаць меры і кантраляваць сітуацыю будуць спартовыя федэрацыі і саюзы. Яны ж будуць прыцягваць да адказнасці спартоўцаў, якія парушылі закон.

Беларускае Радыё Рацыя