Хакеісты „Дынама-Маладэчна”, „Брэста” і „Ліды” з перамог стартавалі на Кубку Салея



Трыма матчамі напярэдадні працягнуўся 22-і розыгрыш Кубка Беларусі па хакеі, які носіць афіцыйную назву Кубак Салея.
У другі гульнявы дзень ў групе „А” „Дынама-Маладэчна” на сваім лёдзе ў авертайме перайграла салігорскі „Шахцёр” – 1:0, „Брэст” таксама ў дадатковай пяціхвілінцы адолеў сталічнае „Юнацтва” 3:2, а „Ліда” на роднай пляцоўцы разграміла гарадзенскі „Нёман” – 7:2.
Сёння, 5 жніўня, чарговыя матчы на турніры правядуць прадстаўнікі пула „Б”. Аршанскі „Лакаматыў” прыме „Гомель”, „Магілёў” сустрэнецца са жлобінскім „Металургам”, а „Хімік” у Наваполацку згуляе супраць „Віцебска”.

Двухразовы чэмпіён свету па хакеі Мікалай Жэрдзеў перайшоў у менскае „Юнацтва”

Менскае „Юнацтва” аб’явіла аб падпісанні пагаднення з расейскім хакеістам Мікалаем Жэрдзевым. У 2003 годзе гулец быў задрафтаваны клубам НХЛ „Каламбус Блю Джэкетс” у 1-м раундзе пад 4-м нумарам. Усяго ў наймацнейшай лізе планеты нападнік правёў 436 матчаў у складзе „Каламбуса”, „Рэйнджэрс” і „Філадэльфіі”, у якіх набраў 264 (116+148) ачкі. Таксама ў актыве расейцы багаты вопыт выступаў у КХЛ, дзе форвард абараняў колеры „Атланта”, „Ак Барса”, „Спартака”, „Северсталі”, маскоўскага „Дынама”, ХК „Сочы”, „Тарпеда”, „Нафтахіміка” і рыжскага „Дынама”. За 408 сустрэч у Кантынентальнай хакейнай лізе Жэрдзеў зарабіў 232 (79+153) балы. Мінулы сезон 37-гадовы расеец пачаў у Аўстрыйскай хакейнай лізе ў складзе каманды „Браціслава Кэпіталз”. За славацкі калектыў згуляў у 12 матчах, дзе набраў 7 (1+6) балаў. Затым форвард перайшоў у італьянскі „Мерана” з Альпійскай лігі, за які набраў 21 (10+11) ачко ў 18 гульнях. У бягучым міжсезонні расеец праходзіў прагляд у менскім „Дынама”, у форме „зуброў” хакеіст прыняў удзел у двух таварыскіх матчах. Жэрдзеў з’яўляецца двухразовым чэмпіёнам свету (2009, 2012) у складзе зборнай Расеі. Усяго на хакейных чэмпіянатах свету нападнік правёў 13 гульняў і набраў 7 (2+5) ачкоў.

Сабаленка прабілася ў 1/4 фіналу турніру ВТА-500 у Сан-Хасэ

6-ы нумар рэйтынгу ВТА беларуска Арына Сабаленка з перамогі стартавала на тэнісным турніры ВТА-500 у амерыканскім Сан-Хасэ з прызавым фондам 757 900 даляраў. Наша суайчынніца ў рамках 1/8 фіналу абыграла прадстаўніцу ЗША Каралін Далхайд. Лік паядынку – 5:7, 6:1, 7:5. Беларуска Крысціна Дзмітрук, якая мае 426-ы нумар рэйтынгу ВТА, выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў польскім Гродзіску-Мазавецкім з прызавым фондам 100 000 даляраў. 18-гадовая тэнісістка ў двух сэтах зламіла супраціў 25-гадовай харваткі Яны Фэт — 6:4, 6:3.

„Ракаў” перайграў „Спартак” у Лізе канферэнцый

У першым матчы трэцяга кваліфікацыйнага раунда Лігі еўрапейскіх канферэнцый «Ракаў» з Чэнстаховы выйграў у гасцях у «Спартака» з Трнавы з лікам 2:0 і забяспечыў сабе перавагу перад матчам у адказ. Героем матча стаў Іві Лопес, аўтар абодвух галоў. Гэта была дзявятая гульня ракаўчан у еўракубках пад кіраўніцтвам трэнера Папшуна і ў восьмы раз чэнстахоўцы не прапусцілі гола.

Берасцейскае „Дынама” і „Хваля” правядуць таварыскі матч

Берасцейскае „Дынама” і пінская „Хваля” правядуць спарынг. Сустрэча адбудзецца 7 жніўня на базе берасцейцаў „Чырвоны двор” і пачнецца ў 13.00. Заўзятарам на гульню ўваход будзе зачынены.
Матч 16-га тура вышэйшай лігі паміж „Дынама” і „Шахцёрам”, нагадаем, быў перанесены з-за ўдзелу гарнякоў у еўракубках.

Беларускае Радыё Рацыя