Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі магнітагорскі „Металург” у КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” завяршылі год перамогай над магнітагорскім „Металургам” з лікам 1:0 у матчы чэмпіянату КХЛ. Пачатак сустрэчы з лідарам рэгулярнага сезона на лёдзе „Менск-Арэны” дынамаўцы правялі актыўна і на 7-й хвіліне Арцём Дзямкоў адкрыў лік пры гульні ў большасці. У другім перыядзе госці мелі перавагу, але прабіць Патрыка Рыбара не змаглі. У заключнай трэці матча вынік не змяніўся. Пасля 44 праведзеных сустрэч у актыве „зуброў” стала 50 балаў і яны знаходзяцца на восьмым месцы ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.
„Вітэн” саступіў ВРЗ у матчы 1/4 фіналу Кубка Беларусі па міні-футболе
У розыгрышы Кубка Беларусі па міні-футболе прайшлі першыя сустрэчы чвэрцьфінальнай стадыі. У цэнтральным паядынку гульнявога дня дзейны чэмпіён краіны аршанскі „Вітэн” саступіў на сваёй пляцоўцы цяперашняму ўладальніку кубка гомельскаму ВРЗ з лікам 3:4. У 1/8 фіналу гамяльчане адолелі фіналіста мінулага кубкавага розыгрышу „Сталіцу” – 2:1. Спартоўцы „Вітэна” разграмілі на выездзе аўтсайдэра нацыянальнага першынства „Ліду” – 8:1.
Таксама гомельскі БЧ перамог на сваёй арэне светлагорскі ЦКК – 7:1. „Мінск” прайграў гарадзенскаму „УУС-Дынама” – 1:2. „Барысаў-900” на сваёй пляцоўцы святкаваў валявую вікторыю над сталічным „Дынама-БНТУ” з лікам 3:2. Паядынкі ў адказ за выхад у „Фінал чатырох” адбудуцца 5 студзеня.
Маскоўскі „Спартак” праяўляе цікавасць да Арашкевіча
Па звестках football.by, 21-гадовы паўабаронца берасцейскага „Дынама” Яраслаў Арашкевіч трапіў у сферу інтарэсаў маскоўскага „Спартака”.
Кіраўніцтва расейскага клуба апавясціла яго цяперашнюю каманду пра жаданне займець хаўбека ў свае шэрагі і гатова хуткім часам пачаць адпаведныя перамовы. У вышэйшай лізе-2021 Арашкевіч згуляў у 23 матчах і набраў 4 (1+3) ачкі па сістэме „гол+пас”. Правы на яго належаць берасцейскаму „Руху”.
Аляксандр Сялява падпісаў кантракт з „Растовам”
Беларускі апорны паўабаронца Аляксандр Сялява падпісаў кантракт з „Растовам” да канца бягучага сезона з опцыяй працягу.
Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба расейскай прэм’ер-лігі.
Аляксандр – выхаванец бялыніцкай ДЮСШ, гулец зборнай Беларусі.
Яго апошнім клубам быў „Дынама-Менск”. У 2021 годзе Аляксандр правёў 27 матчаў, аддаўшы пры гэтым 2 галявыя перадачы.
Гол Фодэна прынёс „Манчэстэр Сіці” перамогу ў матчы з „Брэнтфардам”
„Манчэстэр Сіці” перамог „Брэнтфард” у матчы 20-га тура чэмпіянату Англіі 1:0, дзякуючы голу Фодэна на 16-й хвіліне гульні. „Ман Сіці” лідыруе ў табліцы з 50 ачкамі, у „Брэнтфарда” 20 балаў і 14-я пазіцыя.
„Чэлсі” і „Брайтан” згулялі ўнічыю 1:1 – на гол Лукаку на 28-й хвіліне матчу на першай даданай хвіліне другога тайма адказаў дакладным ударам Уэлбэк. „Чэлсі” набраў 42 ачкі і займае другое месца ў табліцы. У „Брайтана” 24 балы і дзясятая пазіцыя.
Зборная Польшчы скасавала кантракт з галоўным трэнерам Паўлу Соўзай
Прэзідэнт Польскага футбольнага саюза (PZPN) Цэзары Кулеша паведаміў пра спыненне супрацоўніцтва з галоўным трэнерам зборнай Польшчы Паўлу Соўзай. У рамках пагаднення былы селекцыянер выплаціць кампенсацыю PZPN у адпаведнасці з чаканнямі федэрацыі, – напісаў Кулеша ў Twitter.
Раней паведамлялася, што Соўза падпісаў кантракт з „Фламенга” і выплаціць Польскай федэрацыі няўстойку ў памеры 320 тысяч еўра.
24 сакавіка наступнага года зборная Польшчы сустрэнецца з камандай Расеі ў паўфінальным стыкавым матчы за права выхаду на чэмпіянат свету 2022 года.
Матч Фінляндыі і Чэхіі адменены: у чэхаў каронавірус, фінам залічана перамога
Матч маладзёжнага чэмпіянату свету па хакею паміж зборнымі Фінляндыі і Чэхіі, старт якога быў запланаваны на 29 снежня ў 22.00 па беларускім часе, адменены з-за станоўчага тэста на каронавірус у складзе чэшскай зборнай. У выніку сустрэчы будзе зафіксавана перамога Фінляндыі з лікам 1:0 у адпаведнасці з правіламі.
Статус каранціну каманды будзе дадаткова ацэнены, каб вызначыць, ці зможа яна прыняць удзел у фінальнай гульні групавога этапа з Аўстрыяй, запланаванай на 31 снежня. Раней тэхнічная параза на турніры з-за ковіда была прысуджана зборнай ЗША.
Беларускае Радыё Рацыя