Хакеісты „Нёмана” скарацілі адставанне ў серыі з „Юнацтвам”



У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца паўфінальная стадыя плэй-оф. У нядзелю на лёдзе сталічнай „Чыжоўка-Арэны” адбыўся чацвёрты паядынак паміж „Юнацтвам” і „Нёманам”. Менчане выйгралі тры папярэднія матчы супрацьстаяння, і ў выпадку поспеху сталі б першымі фіналістамі экстралігі. Аднак гэтыя планы падначаленым Яўгена Есаулава прыйшлося адкласці найменш на адну гульню. Ужо ў стартавым перыядзе гарадзенцы забяспечылі сабе перавагу ў дзве шайбы: галамі за гасцей адзначыліся Вячаслаў Андрушчанка і Вячаслаў Іпатаў. У наступнай 20-хвілінцы Аляксандр Кітараў скараціў адставанне „Юнацтва” да мінімуму, але ў пачатку заключнай трэці Даніла Барабаш вярнуў „Нёману” перавагу ў дзве шайбы. За сем хвілін да сірэны Ілля Сідарук зноў падцягнуў гаспадароў на адлегласць аднаго дакладнага кідка, але зраўняць лічбы хакеісты сталічнай каманды ўжо не паспелі. У выніку 3:2 на карысць „Нёмана”, які скарачае адставанне ў серыі 1:3. Наступны паядынак пройдзе ў Гародні заўтра.

„Нью-Джэрсі” з Шаранговічам буйна прайграў „Вініпегу”

„Нью-Джэрсі” ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ у гасцях быў разгромлены „Вініпегам” — 1:6. Беларускі нападнік „д’яблаў” Ягор Шаранговіч гуляў у чацвёртым звяне, правёў на лёдзе 15 хвілін 15 секунд, зрабіў 2 кідкі па брамцы, дапусціў 1 страту і зарабіў паказчык карыснасці „0”. „Рэйнджэрс” на выездзе перамаглі „Вашынгтон” 5:2. У гаспадароў закінутай шайбай вызначыўся беларускі форвард Аляксей Протас. Шайба стала для Протаса чацвёртай у бягучым сезоне НХЛ. У 53 паядынках цяперашняй „рэгуляркі” Протас набраў 14 (4+10) балаў пры паказчыку карыснасці „-3”. „Вашынгтон” ідзе 12-м у табліцы „Усходу” з 77 ачкамі.

Гол Карпіцкага прынёс „Шахцёру” выязную перамогу над „Нёманам”

Салігорскі „Шахцёр” на выездзе перамог гарадзенскі „Нёман” у матчы 2-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе 1:0. Адзіны мяч у сустрэчы забіў нападнік Ягор Карпіцкі, які выйшаў на замену на 60-й хвіліне. У „жоўта-чорных” шэсць балаў пасля дзвюх гульняў, „Нёман” пакуль не мае набраных ачкоў. Менскае „Дынама” на выездзе перамагло мазырскую „Славію” 2:0. Дублем у гасцей вызначыўся форвард Уладзіслаў Марозаў. БАТЭ і „Энергетык”- БДУ згулялі ўнічыю 1:1. У „студэнтаў” у першым тайме мяч забіў нападнік Ілля Грышчанка, форвард барысаўчан Валерый Грамыка рэалізаваў пенальці ў другой палове. Каманды пасля двух тураў маюць па чатыры набраныя балы.

«Ягелонія» адабрала ачкі ў лідара

У 26-м туры FOGO Futsal Ekstraklasa «Ягелонія» ў Беластоку згуляла ўнічыю з лідарам чэмпіяната «Рэкорд «Бельска-Бяла» 3:3. У складзе беластоцкай дружыны адзначыліся калумбіец Крысціан Нэме, украінец Аляксандр Калеснікаў і Матэуш Лабенец.

„Ньюкасл” усухую адолеў „Манчэстэр Юнайтэд”

У 29 туры англійскай прэм’ер-лігі „Манчэстэр Юнайтэд” у гасцях прайграў „Ньюкаслу” з лікам 0:2. Такім чынам, „сарокі” падняліся на трэцяе месца з 50 ачкамі. „МЮ” ж па дадатковых паказчыках з той жа колькасцю балаў займае чацвёрты радок.
У рамках 27 тура іспанскай Ла Лігі „Рэал” на хатнім полі разграміў „Вальядалід” з тэнісным лікам — 6:0. Форвард „сметанковых” Карым Бензема вызначыўся хет-трыкам. „Рэал” займае другое месца з 59 ачкамі і адстае ад „Барселоны” на 12 балаў. Мадрыдскі „Атлетыка” на хатняй арэне перамог „Беціс” 1:0. „Мілан” разграміў „Напалі” ў матчы 28-га тура чэмпіянату Італіі — 4:0. Дублем вызначыўся Рафаэль Леау. Параза стала для неапалітанцаў толькі другой у бягучым розыгрышы серыі А, каманда з 71 ачком працягвае лідыраваць у табліцы. У „Мілана” 51 бал і трэцяя пазіцыя.”Рома” на хатнім полі разабралася з „Сампдорыяй” 3:0. „ПСЖ” саступіў „Ліёну” ў матчы 29-га тура чэмпіянату Францыі — 0:1. У парыжан усю сустрэчу правялі зорныя форварды Кіліян Мбапэ і Ліянэль Месі. ПСЖ лідыруе ў табліцы з 66 ачкамі, апярэджваючы „Ланс” і „Марсэль” на шэсць балаў.

Беларускае Радыё Рацыя