„Ліверпуль” і „Манчэстэр Сіці” сталі паўфіналістамі Лігі чэмпіёнаў



Пасля заключных чвэрцьфінальных паядынкаў сталі вядомы ўсе пары ўдзельнікаў паўфінальнай стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У хатнім матчы 1/4 фіналу футбалісты англійскага „Ліверпуля” згулялі ўнічыю з партугальскай „Бенфікай” – 3:3. На мінулым тыдні ў Лісабоне адзін з фаварытаў англійскай прэм’ер-лігі выйграў 3:1. У паўфінале супернікам каманды Юргена Клопа будзе іспанскі „Вільярэал”, які па суме дзвюх сустрэч сенсацыйна адолеў мюнхенскую „Баварыю” – 1:0 (дома) і 1:1 (у гасцях). Лідар чэмпіянату Англіі „Манчэстэр Сіці” ў іспанскай сталіцы разышоўся мірам з мадрыдскім „Атлетыка” – 0:0. На сваёй арэне „Манчэстэр Сіці” перамог з мінімальнай перавагай – 1:0. У паўфінале англійскі клуб сустрэнецца з яшчэ адным прадстаўніком сталіцы Іспаніі „Рэалам”. У чвэрцьфінале ён быў мацнейшы за пераможцу мінулай Лігі чэмпіёнаў лонданскага „Чэлсі” – 3:1 (у гасцях) і 2:3 (дома). Першыя паўфінальныя сустрэчы адбудуцца 26 і 27 красавіка.

„Юнацтва” абыграла „Металург” у першым матчы фіналу плэй-оф

У Менску стартавала вырашальная серыя плей-оф беларускай экстралігі. У першым матчы фіналу хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Металург”. Гаспадары адкрылі лік у паядынку ўжо праз пяць хвілін пасля стартавага ўкідвання. Пасля прастрэлу Аляксандра Пальчыка шайба трапіла ў клюшку абаронцы жлабінчанаў і спікіравала за спіну галкіперу. Падвоіць перавагу менчане здолелі ў пачатку другой трэці, вызначыўся форвард „Юнацтва” Вячаслаў Андрушчанка, які пачынаў сезон у „Металургу”. Зрэшты, усяго праз некалькі хвілін госці адну шайбу адыгралі: перадачай Аляксандра Суворава скарыстаўся абаронца „ваўкоў” Яраслаў Масленнікаў. У распараджэнні жлабінчан былі яшчэ паўтара перыяду, але зраўняць лічбы хакеісты „Металурга” так і не змаглі. Лік сустрэчы – 2:1 на карысць „Юнацтва”, сталічны клуб выходзіць у серыі наперад. Другі паядынак паміж камандамі адбудзецца заўтра на „Чыжоўка-Арэне”.

Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” саступілі „Зеніту” ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” пацярпелі чарговую паразу ў матчах Адзінай лігі ВТБ. У сваім перадапошнім паядынку рэгулярнага чэмпіянату менскія „цмокі” саступілі ў Санкт-Пецярбургу мясцоваму „Зеніту” 73:93. У лютым гэтыя супернікі сустракаліся ў Менску і тады перамогу таксама святкавалі зенітаўцы – 90:74. Свой заключны паядынак гэтага сезона Адзінай лігі ВТБ падначаленыя Расціслава Вергуна правядуць у суботу ў Маскве супраць дзейнага пераможцы гэтага турніру ЦСКА. У рэгулярным чэмпіянаце менчане выйгралі толькі тры матчы і страцілі шансы прабіцца ў плэй-оф.

„Гарызонт” другі раз перамог „Алімпію” у фінальнай серыі чэмпіяната Беларусі

Баскетбалісткі „Гарызонта” другі раз выйгралі ў гарадзенскай „Алімпіі” ў фінальнай серыі за залатыя медалі жаночага чэмпіянату Беларусі. У другім матчы дзейныя чэмпіёнкі краіны толькі ў самым пачатку дазволілі суперніцам выйсці наперад, а потым трывала захапілі ініцыятыву і перамаглі – 82:48. У першым паядынку падначаленыя Наталлі Трафімавай выйгралі з перавагай усяго ў сем ачкоў – 68:61. Трэцяя сустрэча адбудзецца 18 красавіка і ў выпадку перамогі баскетбалісткі „Гарызонта” другі раз запар заваююць залатыя медалі чэмпіянату Беларусі.

„Шахцёр” другі раз абыграў валейбалістаў „Будаўніка” ў фінале чэмпіянату Беларусі

Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” святкавалі другую перамогу над менскім „Будаўніком” у фінальнай серыі за золата 31-га чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх каманд. У другім паядынку на пляцоўцы сталічнага палаца спорту „Уручча” менчане выйгралі дзве партыі запар – 25:18 і 25:23, аднак давесці справу да перамогі не здолелі. У пачатку трэцяга сэта госці таксама саступалі, але затым змаглі пераламаць ход гульні і выйгралі тры партыі запар – 27:25, 25:13 і 15:12. У першай гульні „Шахцёр” таксама перамог на тай-брэйку – 3:2. Трэці паядынак адбудзецца ў суботу, 16 красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя