Міжнародны саюз канькабежцаў забараніў удзельнічаць беларускім атлетам у спаборніцтвах



Рада Міжнароднага саюза канькабежцаў (ISU) прыняла рашэнне адхіліць расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад удзелу ў спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай арганізацыі. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце арганізацыі.
„Рада ISU заяўляе аб сваёй салідарнасці з усімі пацярпелымі ад канфлікту ва Украіне. Усе нашыя думкі з Украінай і яе народам. Рада ISU пацвярджае сваю поўную салідарнасць з сябрамі Саюза ва Украіне, федэрацыямі фігурнага катання і бегу на каньках”, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

У пералік відаў спорту, якія курыруюцца ISU, уваходзяць фігурнае катанне, шорт-трэк і канькабежны спорт.

А вось Міжнародная федэрацыя плавання (FINA) дазволіла расейскім і беларускім спартоўцам прымаць удзел у міжнародных спаборніцтвах, але толькі ў нейтральным статусе.

НХЛ не будзе разрываць кантракты з расейскімі хакеістамі

Кіраўніцтва Нацыянальнай Хакейнай Лігі выпусціла заяву аб сітуацыі ва Украіне і аб санкцыях у адрас Расеі, паведамляе sport.ua. НХЛ запэўніла, што ўсе дзелавыя адносіны з Расеяй неадкладна будуць перапынены да ўрэгулявання канфлікту. Акрамя таго, часова перастануць працаваць расейская версія афіцыйнага сайта НХЛ і ўсе сацыяльныя сеткі лігі на рускай мове. Пры гэтым НХЛ не абавяжа клубы разрываць кантракты з расейскімі хакеістамі і яны могуць працягваць кар’еру за акіянам. Кіраўнікі Лігі падкрэсліваюць, што хакеісты выступаюць ад свайго імя, а не імя краіны.

Гол і пас Ягора Шаранговіча дапамаглі „Нью-Джэрсі” разграміць „Ванкувер”

Беларускі форвард „Нью-Джэрсі Дэвілз” Ягор Шаранговіч набраў у матчы супраць „Ванкувера” два ачкі па сістэме гол+пас і дапамог сваёй камандзе атрымаць перамогу — 7:2 (3:0, 3:2, 1:0). Беларускі хакеіст выходзіў на лёд у першым звяне, правёў на пляцоўцы 14 хвілін і 44 секунды, зрабіў адзін перахоп і здзейсніў адну страту. Па выніках гульні Шаранговіч быў прызнаны другой зоркай. Выніковая серыя Шаранговіча дасягнула сямі матчаў.

WBA выключыць расійскіх і беларускіх баксёраў з рэйтынгаў

Сусветная баксёрская асацыяцыя (WBA) на сваім сайце апублікавала заяву, у якой гаворыцца аб тым, што расейскія і беларускія байцы будуць выключаны з рэйтынгавых спісаў, пры гэтым дзейныя чэмпіёны свету або асобных рэгіёнаў захаваюць свой статус. Адзначаецца, што мера з’яўляецца часовай і будзе пераглядацца штомесяц. Арганізацыя не будзе адхіляць байцоў ад удзелу ў спаборніцтвах, але расейскія і беларускія спартоўцы будуць дапушчаны на рынг без сцяга, не будуць гучаць гімн і назва краіны, якую яны прадстаўляюць. Да прамоўтэраў ці каманд расейскіх і беларускіх баксёраў, якія парушылі гэтыя правілы, могуць быць ужытыя санкцыі.

Беларускае Радыё Рацыя