„Нью-Джэрсі” саступіў „Мінэсоце” за секунду да заканчэння авертайму
У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Нью-Джэрсі” прайграў на сваім лёдзе „Мінэсоце”. Мэт Болдзі закінуў пераможную для „дзікуноў” шайбу за 1,3 секунды да завяршэння авертайму. Беларускі нападнік „д’яблаў” Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 11 хвілін 52 секунды, бамбардзірскімі баламі не разжыўся, запісаў у актыў 4 кідкі, 1 блок, 1 перахоп, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці -1.
У 65 матчах рэгулярнага сезона Шаранговіч набраў 28 (12+16) ачкоў.
«Вашынгтон», за які выступае беларускі нападнік Аляксей Протас, саступіў «Каламбусу» 6:7. «Кэпіталз» вялі 3:0 па ходу сустрэчы. Протас быў дададзены ў заяўку на матч у апошні момант, замяніўшы Нікаля Обе-Кюбеля. На рахунку беларуса галявая перадача на Конара Шыры, які закінуў трэцюю шайбу ў брамку «Каламбуса». Протас правёў на лёдзе 11 хвілін 45 секунд, за якія аформіў асіст, нанёс 2 кідкі, здзейсніў 1 перахоп і 1 страту і заблакаваў 1 кідок суперніка, пры паказчыку карыснасці «+1». У гэтым сезоне беларус набраў 12 (3+9) балаў у 48 сустрэчах. Аляксандр Авечкін, закінуўшы 40-ю шайбу ў чэмпіянаце, усталяваў рэкорд лігі па колькасці сезонаў, у якіх яму ўдалося дабрацца да гэтай мяжы 13.
Зборная Беларусі прыбыла ў Нові-Сад і засялілася ў атэль „Sheraton”
Зборная Беларусі рэгулярным рэйсам авіякампаніі „Белавія” адправілася ў Стамбул, адкуль здзейсніла пералёт у Бялград. Далей „белакрылыя” на аўтобусе адправіліся ў Нові-Сад, дзе зусім хутка правядуць стартавы матч кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2024 супраць Швейцарыі. Сёння каманда працягне падрыхтоўку да матчаў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы, якія маюць адбыцца на адным з мясцовых трэніровачных палёў, – піша bff.by. У рамках стартавых матчаў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы беларусы павінны 25 сакавіка згуляць супраць Швейцарыі, а затым 28 сакавіка на выездзе сустрэцца з Румыніяй.
Больш за 15 тысяч людзей прагаласавала за адхіленне Беларусі ад Еўра-2024
Быў апублікаваны зварот да прэзідэнта УЕФА Аляксандра Чэферына наконт адхілення зборнай Беларусі ад Еўра-2024. За адхіленне каманды Георгія Кандрацьева ад турніру прагаласавалі больш за 15 тысяч чалавек. Асноўнымі прычынамі для адхілення каманды называецца тое, што невінаватыя зняволеныя прыгаворваюцца ў Беларусі да вялікіх тэрмінаў турэмнага зняволення на несправядлівых і часта таемных судовых працэсах па палітычных матывах, а таксама падтрымка Расіі ў вайне супраць Украіны.
«Львоў» афіцыйна абвясціў аб звальненні Дулуба з пасады галоўнага трэнера
Галоўны трэнер Алег Дулуб і памочнік Аляксандр Граноўскі былі звольненыя з трэнерскага штаба» «Львова», паведамляе афіцыйны сайт клуба. Беларускі спецыяліст працаваў з камандай з верасня 2021 года. За гэты перыяд Алег Дулуб правёў 31 матч: 9 выйграў, 7 нічыіх і 15 паразаў. У бягучым сезоне пад кіраўніцтвам Алега Дулуба «Львоў» правёў 17 матчаў – 3 перамогі, 4 нічыіх і 10 паразаў. Каманда на апошнім месцы ва УПЛ – 13 ачкоў у 17 матчах.
„Гарызонт” узяў верх над „Алімпіяй”
У матчы чэмпіянату Беларусі па баскетболе сярод жанчын сталічны „Гарызонт” перамог гарадзенскую „Алімпію”. Лік сустрэчы 64:61.
Дзве беларускі выступяць у чвэрцьфіналах на чэмпіянаце свету па боксе
У сталіцы Індыі Нью-Дэлі працягваецца 13-ты чэмпіянат свету па боксе сярод жанчын з удзелам беларускіх спартовак.
У шосты дзень спаборніцтваў адбыліся паядынкі адной восьмай фіналу ў вагавой катэгорыі да 60 кг. Прадстаўніца Беларусі Ала Івашкевіч не здолела пераадолець бар’ер гэтай стадыі, рашэннем суддзяў прайграўшы Хеліф Хаджыле з Алжыра 0:5. Івашкевіч стала ўжо чацвёртай беларускай, якая пакінула турнір.
Барацьбу за медалі чэмпіянату свету ў чвэрцьфіналах працягнуць толькі дзве беларускі. Сёння на рынг супраць Савіці Бары з Індыі выйдзе Вікторыя Кебікава, якая выступае ў вагавай катэгорыі да 81 кг. Таксама свой паядынак адной чацвёртай фіналу ў вазе да 52 кг правядзе Юлія Апанасовіч, суперніцай беларускі стане прадстаўніца Непала Анджані Целі.
Беларускае Радыё Рацыя