Рагачоўскі „Макслайн” будзе расфармаваны



Рагачоўскі „Макслайн” можа знікнуць з футбольнай мапы Беларусі. „Беларусь 5” паведамляе, што праект згортваецца з-за рашэння БФФ не дапусціць каманду да ліцэнзавання для ўдзелу ў вышэйшай лізе-2023.

Раней рагачоўскі „Макслайн” накіраваў апеляцыю ў Футбольны Арбітраж АБФФ. Нагадаю, „Макслайну”, які абыграў дзяржынскі „Арсенал” у стыкавых матчах і заваяваў пуцёўку ў вышэйшую лігу, было адмоўлена ў ліцэнзіі для ўдзелу ў элітным дывізіёне з прычыны таго, што такое права маюць каманды, якія з’яўляюцца чальцамі БФФ не менш як два гады запар, тады як „Макслайн” уступіў у шэрагі федэрацыі толькі ў сакавіку.

„Нью-Джэрсі” з Шаранговічам святкаваў перамогу над „Чыкага”

Мінулай ноччу ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Нью-Джэрсі” на хатнім лёдзе быў мацней за „Чыкага” 3:0. У пераможцаў беларускі нападнік Ягор Шаранговіч правёў у гульні 14 хвілін 41 секунду, уключаючы 3 хвіліны 26 секунд у меншасці, баламі па сістэме „гол + пас” не вызначыўся, завяршыў вечар з двума кідкамі па брамцы і двума стратамі. У 26 матчах рэгулярнага чэмпіянату „Нью-Джэрсі” мае 21 перамогу. З 43 ачкамі „д’яблы” ўзначальваюць турнірную табліцу, апярэджваючы „Бостан”, у якога на два ачкі і на дзве гульні менш.

Міхноў вярнуўся ў жлобінскі „Металург”

Нападнік Аляксей Міхноў вяртаецца ў жлобінскі „Металург”. Хакеіст ужо прыбыў у размяшчэнне клуба, паведамілі у прэс-службе ФХБ.

Сёлетні сезон беларускай экстралігі Аляксей Міхноў пачынаў у Жлобіне, але ў верасні перайшоў у „Брэст”. Усяго ў гэтым чэмпіянаце 40-гадовы форвард правёў 27 матчаў, дзе набраў 12 (5+7) балаў. За вопытнага нападніка жлабінчане перадалі „Брэсту” правы на выхаванцаў сваёй хакейнай школы Юрыя Верамеенку і Канстанціна Татарэнку. Міхноў выступаў за „Металург” з 2019 года. Сумарна хакеіст адыграў за „сталёвых ваўкоў” 172 матчы, у якіх зарабіў 146 (74+72) ачкоў. Ва ўсіх трох сезонах Аляксей станавіўся лепшым бамбардзірам каманды, што дазволіла яму выйсці на другое месца ў спісе самых выніковых хакеістаў у гісторыі жлобінскага клуба. У мінулым сезоне Міхноў у складзе „Металурга” стаў чэмпіёнам Беларусі.

Баскетбалісты „Гародня-93” узняліся на другое месца ў табліцы чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты „Гародня-93” узняліся на другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна перамаглі на выездзе рэзервістаў баскетбольнага клуба „Менск” з лікам 96:86.  У суботу „Гродна-93” прыме лідара баскетбольнага першынства магілёўскі „Барысфен” У актыве магіляўчан 26 ачкоў пасля 14 праведзеных сустрэч, баскетбалісты „Гродна-93” адстаюць на два балы, у віцебскага „Рубона” 23 ачкі, сталічны „Імпульс-БДУІР” мае ў сваім актыве 20 заліковых балаў, на адно ачко менш у рэзервовага складу „Менска”. Турнірную табліцу жаночага чэмпіянату Беларусі ўзначальваюць баскетбалісткі „Менска”, у якіх 22 ачкі пасля 12 гульняў, на адзін бал адстаюць дзеючыя чэмпіёнкі Беларусі спартоўкі „Гарызонта” і гарадзенскай „Алімпіі”, якія згулялі на матч менш. Сёння „Гарызонт” прыме на сваёй пляцоўцы „Гомельскіх рысяў”, а ў Гародні сустрэнуцца мясцовыя „Алімпія” і „Вікторыя”.

Беларускае Радыё Рацыя