Шаранговіч вызначыўся ў трэцім матчы НХЛ запар
Беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч працягнуў выніковую серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі.
-

Фота: hockey.by
Ноччу „Нью-Джэрсі” на сваім лёдзе абыграў „Эдмантан” з лікам 5:2, Шаранговіч закінуў пятую шайбу сваёй каманды. Беларус адзначаецца закінутай шайбай у трэцім матчы запар, на мінулым тыдні Ягор закідваў у брамкі „Таронта” (3:2) і „Атавы” (5:1). Усяго ў паядынку супраць „нафтавікоў” Шаранговіч правёў на лёдзе больш за 11 хвілін, нанёс 4 кідкі і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „+1”. Пасля 19 матчаў сезона ў актыве беларуса 10 (6+4) балаў.
Гэтая перамога стала для „Нью-Джэрсі” 13-й запар, што з’яўляецца паўтарэннем клубнага рэкорду. З 32 ачкамі „д’яблы” займаюць 2-е месца ва Усходняй канферэнцыі НХЛ, саступаючы толькі „Бостану”. Наступны матч каманда Ягора Шаранговіча правядзе ў ноч на чацвер дома супраць „Таронта”.
Макс Ферстапен настойвае на звальненні напарніка па камандзе Серхіа
Пілот „Рэд Бул” Макс Ферстапен настойвае на замене напарніка па камандзе Серхіа Перэса. „Вядома, што Макс Ферстапен далёка не шчаслівы са сваім цяперашнім таварышам па камандзе. Ён жадае вяртання Даніэля Рык’ярда. Аўстраліец далучыцца да „Рэд Бул” у якасці тэст-пілота пасля сыходу з „Макларэн” у 2023 годзе. Акрамя таго, ён ужо выступаў разам з нідэрландцам — з 2016 па 2018 год і рабіў гэта на роўных”, – гаворыцца ў паведамленні F1-Insider. Пасля „Гран-пры Бразіліі” паведамлялася аб канфлікце паміж напарнікамі аўстрыйскай каманды. Тады нідэрландзец адмовіўся аддаваць мексіканцу пазіцыю, нягледзячы на загад каманды. Пазней СМІ паведамлялі, што Ферстапен так адпомсціў Перэсу за аварыю ў кваліфікацыі „Гран-пры Манака”, дзе мексіканец нібы спецыяльна разбіў балід і сапсаваў напарніку хуткі круг.
Беларускае Радыё Рацыя