„Тарпеда-БелАЗ” перамог БАТЭ і выйшаў на другое месца ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” у гасцях святкавалі валявую вікторыю над барысаўскім БАТЭ ў заключным матчы 8-га тура чэмпіянату Беларусі. Барысаўчане адкрылі лік на 42-й хвіліне гульні пасля дакладнага ўдару Захара Волкава, а праз 3 хвіліны Кірыл Глушчанкоў зраўняў лік. Пасля перапынку абедзве каманды мелі шанцы вызначыцца, але поспеху дамагліся толькі госці: на 88-й хвіліне Дзмітрый Лісаковіч з пенальці забіў пераможны гол. Пасля гэтай перамогі падначаленыя Дзмітрыя Молаша набралі 17 ачкоў і ўзняліся на другую пазіцыю ў турнірнай табліцы.
Таксама гарадзенскі „Нёман” абыграў футбалістаў „Смаргоні” – 3:1, а бабруйская „Белшына” здабыла першую перамогу, адолеўшы ў Наваполацку мясцовы „Нафтан” – 1:0.
У першай тройцы чэмпіяната зараз сталічнае „Дынама”, якое набрала 21 ачко пасля 8 матчаў, жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” – 17 ачкоў пасля 7 гульняў і гарадзенскі „Нёман” – 16 ачкоў пасля 6 сустрэч.
„Барысфен” другі раз перамог „Рубон” у серыі за бронзу чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісты магілёўскага „Барысфена” другі раз абыгралі віцебскі „Рубон” у бронзавай серыі чэмпіянату Беларусі.
У другім паядынку ў магілёўскім спарткомплексе „Алімпіец” гаспадары выйгралі 74:69. У пачатку заключнай чвэрці падапечныя Андрэя Крываноса саступалі 10 балаў, але здолелі ў канцоўцы вырваць перамогу. Трэці паядынак адбудзецца 18 траўня ў Віцебску, і калі „Барысфен” выйграе, то стане ўладальнікам бронзавых узнагарод.
Пасля дзвюх сустрэч серыі за залатыя медалі дзеючы чэмпіён краіны „Менск” выйграе ў „Гродна-93” – 2:0. Наступная сустрэча суіскальнікаў золата адбудзецца 19 траўня не ў Гродне, як планавалася раней, а на пляцоўцы сталічнага Falcon Club.
„Сталіца” другі раз перамагла БЧ у 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы „Сталіцы” здабылі другую перамогу над гомельскім БЧ у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.
Пасля буйной хатняй вікторыі 5:1 ў Гомелі дзейныя чэмпіёны краіны выйгралі толькі з мінімальнай перавагай – 3:2. Наступная сустрэча адбудзецца 18 траўня ў менскім спарткомплексе „Уручча”.
«Барселона» у 27-ы раз стала чэмпіёнам Іспаніі па футболе
„Барселона” на выездзе з лікам 4:2 абыграла „Эспаньёл” у матчы 34-га тура чэмпіянату Іспаніі. Двума забітымі мячамі ў складзе пераможцаў адзначыўся польскі нападнік Роберт Левандоўскі, па голу дадалі Алехандра Бальдэ і Жуль Кундэ. У прайграўшых вызначыліся Хаўер Пуада і Хасэлу. „Барселона”, якая лідыруе ў турнірнай табліцы, набрала 85 ачкоў пасля 34 матчаў і стала недасягальнай для бліжэйшага пераследніка мадрыдскага „Рэала”, у актыве якога 71 бал. Каталонцы датэрмінова заваявалі тытул за чатыры туры да канца чэмпіянату.
„Барселона” выйграла чэмпіянат Іспаніі ў 27-ы раз у гісторыі, апошні раз сіне-гранатавым гэта ўдалося ў сезоне-2018/19, з таго часу двойчы трафей выйграваў „Рэал”, адзін раз — мадрыдскі „Атлетыка”. Рэкардсменам па колькасці перамог у турніры з’яўляецца „Рэал”, на рахунку якога 35 тытулаў.
Азаранка не змагла правесці матч 1/16 фіналу турніру WTA у Рыме
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не змагла выйсці на корт у чарговым матчы турніру ў Рыме. У паядынку 1/16 фіналу беларуска павінна была сустрэцца з амерыканкай Мэдысан Кіз, але з-за траўмы знялася са спаборніцтваў. У сваім стартавым матчы Вікторыя Азаранка перайграла амерыканку Слоан Стывенс – 6:4, 6:3.
Раней свае выступы ў італьянскай сталіцы завяршылі яшчэ дзве прадстаўніцы Беларусі – Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч.
Зборная Чэхіі закінула пяць шайб у матчы з камандай Казахстана
Зборная Чэхіі перамагла каманду Казахстана ў матчы групавога турніру чэмпіянату свету па хакеі — 5:1. Зборная Швецыі таксама ўпэўнена перамагла каманду Аўстрыі – 5:0. Датчане ў авертайме перамаглі каманду Францыі – 4:3.
Беларускае Радыё Рацыя