„Віцебск”, „Нёман”, „Тарпеда-БелАЗ” і „Славія” выйшлі ў 1/4 фіналу Кубка
Футбалісты „Віцебска” першымі прабіліся ў чвэрцьфінальную стадыю розыгрышу Кубка Беларусі. У стартавым паядынку 1/8 фіналу віцябляне адолелі ў Берасці мясцовае „Дынама” ў серыі пасляматчавых пенальці. У самым канцы першай паловы гульні Раман Лісоўскі вывеў гасцей наперад, а адразу пасля перапынку Эдгар Аляхновіч зраўняў лік – 1:1. У дадатковыя паўгадзіны вынік не змяніўся, а ў серыі пенальці поспех быў на баку „Віцебска – 2:1. Гарадзенскі „Нёман” перайграў на сваёй арэне дзяржынскі „Арсенал” 2:1. У складзе пераможцаў вызначыліся Павел Савіцкі (з пенальці) і Андрэй Якімаў, госці адказалі голам Глеба Расадкіна. У Жодзіне футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” выйгралі ў „Іслачы” з Мінскага раёна – 1:0. Адзіны мяч у гэтай сустрэчы забіў Мікіта Пацко.
У Магілёве футбалісты „Дняпра” прайгралі мазырскай „Славіі” 0:2. Першы мяч у браму гаспадароў забіў Глеб Жэрдзеў, а незадоўга да фінальнага свістка вызначыўся Яўген Зямко.
„Ягелонія” прайграла ў гасцях „Погань” Шчэцін
«Погань» Шчэцін на хатняй арэне адолела футбалістаў беластоцкая «Ягелоніі» 1:0 у матчы 3-га тура польскай экстракласы. Перамогу гаспадарам прынес дакладны удар Понтуса Альмквіста ўжо на 8-й хвіліне гульні. Пасля 3-х гульняў у «Ягі» засталося 3 ачкі – яна займае 11-е месца ў турнірнай табліцы, тады як «Погань» набрала 6 балаў і на 4-й пазіцыі.
Футбалісткі Англіі ўпершыню выйгралі чэмпіянат Еўропы
У вырашальным паядынку 13-га жаночага Еўра яго гаспадыні на полі лонданскага стадыёна „Уэмблі” перамаглі ў дадатковы час самую тытулаваную каманду кантынента Германію з лікам 2:1. Гэты фінал стаў самым наведваемым у гісторыі футбольных чэмпіянатаў Еўропы, прычым і жаночых, і мужчынскіх, – на трыбунах было 87 192 заўзятары.
Нямецкія футбалісткі да гэтай паразы 8 разоў гулялі ў фінале і нязменна перамагалі.
Менскае „Дынама” саступіла „Северсталі” ў таварыскім матчы па хакеі
Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі чарапавецкай „Северсталі” ў кантрольным матчы перад стартам новага сезона КХЛ. Паядынак прайшоў на лёдзе сталічнай „Алімпік Арэны”. Пачатак сустрэчы застаўся за гасцямі, якія адкрылі лік усяго праз 15 секунд пасля стартавага ўкідвання. Адказ мінчанаў адбыўся незадоўга да перапынку, шайбу закінуў Дзмітрый Дзярабін. У дэбюце другога перыяду наперад выйшлі ўжо „зубры” дзякуючы дакладнаму кідку Уладзіміра Алістрава. Гаспадары ўтрымлівалі лідэрства большую частку гульні, але за хвіліну да фінальнай сірэны „сталявары” ўсё ж зраўнялі лік – 2:2. Пераможца матчу вызначыўся ў серыі булітаў, дзе дакладней былі хакеісты „Северсталі”. Далей дынамаўцы адправяцца ў Сочы, дзе з 3 па 9 жніўня пройдзе турнір Sochi Hockey Open. Стартавы паядынак на турніры „зубры” правядуць у сераду супраць санкт-пецярбургскага СКА.
Беларускія гандбольныя клубы пачалі падрыхтоўку да новага сезона
Вядучыя гандбольныя клубы Беларусі пачалі паўрыхтоўку да старту новага сезона. Чэмпіён краіны „Мяшкоў Брэст” чарговы этап перадсезонкі праводзіць на базе ў Астраўцы, на 2 жніўня запланаваны спарынг з гарадзенскім „Кронанам”. Затым каманда вернецца ў Берасце і 6-8 жніўня правядзе два кантрольныя матчы з астраханскім „Дынама”. Гэтыя сустрэчы стануць праверкай сіл перад выязным чвэрцьфінальным паядынкам SEHA-лігі з македонскім „Еўрафармам”, які адбудзецца 25 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя