Жаночая зборная Беларусі абыграла чэшак у матчы кваліфікацыі ЧС



Беларускія футбалісткі абыгралі суперніц з Чэхіі, дзякуючы галявому дублю Вікторыі Валюк. Абодва галы падначаленыя Юрыя Малеева забілі ў першым тайме матча на полі бялградскага стадыёна „Чукарычкі”. Суперніцы адказалі ўзяццем брамы ў выкананні Тэрэзы Крэйчыржыкавай. Пасля пяці матчаў у групе „С” беларускі з 7-ю ачкамі займаюць трэцюю пазіцыю. Дуэт лідараў складаюць дружыны Ісландыі (пасля 6 матчаў у іх 15 ачкоў) і Нідэрландаў – 14 балаў.

„Гурнік” выбраў Гаўля, а не Хацкевіча

Польскі „Гурнік” з Забжэ афіцыйна аб’явіў аб прызначэнні на пасаду галоўнага трэнера 34-гадовага Барташа Гаўля. Умовы кантракта не паведамляюцца. Адным з прэтэндэнтаў на пасаду лічыўся беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч. Зрэшты, СМІ паведамляюць аб цікавасці да персоны экс-настаўніка зборнай Беларусі з боку луганскай „Зары”. Кіраўніцтва каманды, якая цяпер базуецца ў Запарожжы, унесла ўраджэнца Менска ў шорт-ліст прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага трэнера. 48-гадовы беларус знаходзіцца ў статусе беспрацоўнага з сакавіка мінулага года, калі ён быў звольнены з валгаградскага „Ротара”.

Уэйн Руні падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера „Дэрбі Каўнці”

Рэкардсмен па галах за зборную Англіі Уэйн Руні падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера англійскага „Дэрбі Каўнці”, паведамляецца на сайце футбольнага клуба. Па выніках сезона клуб пад кіраўніцтвам Руні вылецеў з Чэмпіёншыпа ў трэці па сіле дывізіён Англіі. Па ходу турніра „Дэрбі Каўнці” быў сумарна аштрафаваны на 21 ачко за парушэнне фінансавых правілаў лігі. У клубе адзначылі, што хацелі б прадоўжыць супрацоўніцтва з Руні, але прынялі яго рашэнне аб сыходзе. Кіраўніцтва вельмі расчаравана тым, што Уэйн прыняў цяжкае рашэнне пакінуць клуб, але надзвычай удзячныя яму за выдатную працу ў складаных умовах, — паведамляецца ў заяве „Дэрбі Каўнці”.

„Тампа”, перамогшы ў гасцях, скараціла адставанне ў фінальнай серыі з „Каларада” да мінімуму

У пятым матчы фінальнай серыі Кубка Стэнлі „Тампа” ў гасцях перамагла „Каларада” 3:2. Лік у серыі да чатырох перамог – 3:2.
Шосты паядынак „Тампа” правядзе на сваёй пляцоўцы. Гульня адбудзецца ў ноч з нядзелі на панядзелак. Пачатак а 3-й гадзіне па беларускім часе.

Іван Кульбакоў падпісаў кантракт з ніжагародскім „Тарпеда”

Беларускі галкіпер Іван Кульбакоў падпісаў двухбаковы кантракт з ніжагародскім „Тарпеда” на адзін сезон. „25-гадовы хакеіст пачынаў сваю кар’еру ў „Гомелі”. За акіянам Іван правёў удалы сезон у „Янгстауне” (USHL): прапускаючы менш за дзве шайбы ў сярэднім за матч і адбіваючы амаль 92% кідкоў, што дазволіла яму заключыць кантракт з камандай АХЛ „Кліўленд”. У другой па сіле лізе Паўночнай Амерыкі беларускі брамнік правёў два сезоны, пасля чаго перабраўся ў Расею. Сезон 2019-2020 гадоў ён правёў у вышэйшай лізе за „Нафтавік”, а затым дэбютаваў у КХЛ у складзе „Сочы”, правёўшы 12 матчаў. У мінулым сезоне хакеіст застаўся ў КХЛ, дзе спачатку выступаў за „Віцязь”, а затым, пасля ўдала праведзенага матча з „Дынама”, перабраўся ў клуб з Масквы. У актыве Івана таксама ўдзел у міжнародных спаборніцтвах у складзе зборных Беларусі розных узростаў, у тым ліку на дарослым і маладзёжным чэмпіянатах свету”, — паведамляе прэс-служба ніжагародскага клуба.

Адкрыты Кубак Беларусі па плаванню пройдзе ў Берасці

У 50-метровым басейне выступяць 342 спартоўцы з Беларусі і Расеі. Сярод нашых суайчыннікаў – лідары Ілля Шымановіч і Анастасія Шкурдай, атлеты нацыянальнай каманды, зборных каманд абласцей і Менска. Расейская федэрацыя таксама прыедзе наймацнейшым складам: прызёры Алімпійскіх гульняў, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы. Цягам чатырох дзён плыўцы будуць змагацца за дыпломы, медалі і прызы на розных дыстанцыях у папярэднім, паўфінальным і фінальным заплывах, перадае прэс-служба БФП.

Беларускае Радыё Рацыя