Жаночая зборная Беларусі па тэнісе ўзнялася на 3 месца ў сусветным камандным рэйтынгу
Пасля перамогі над тэнісісткамі Славакіі ў Кубку Федэрацыі зборная Беларусі ўзнялася на 3-е месца ў сусветным камандным рэйтынгу.

Выйграўшы ў Менску ў славачак з лікам 3:2, беларуская дружына захавала за сабой месца ў элітным дывізіёне каманднага першынства планеты. У актыве зборнай Беларусі цяпер 12 347 ачкоў, у лідара рэйтынгу – каманды Чэхіі 31 430 балаў, у амерыканак – 28 570 ачкоў. Абодва лідары сусветнага рэйтынгу 10-11 лістапада згуляюць у фінальным матчы Кубка Федэрацыі. Беларускія тэнісісткі ў мінулым сезоне ўпершыню ў гісторыі прабіліся ў фінал Кубка Федэрацыі, дзе ў драматычным матчы ўступілі на корце менскай „Чыжоўка-Арэны” амерыканкам з лікам 2:3.
Топ-10 жаночага каманднага рэйтынгу:
1. Чэхія – 31 430 ачкоў,
2. ЗША – 28 570,
3. Беларусь – 12 347,
4. Францыя – 11 972,
5. Германія – 7 875,
6. Бельгія – 6 240,
7. Швейцарыя – 6 162,
8. Румынія – 5 512,
9. Аўстралія – 5 425,
10. Нідэрланды – 4 615.
